У 11 гадзінаў дня 22 жніўня 2009 г. пад адкрытым небам на сцэне, выкананай у выглядзе карабля, размешчанай непасрэдна каля браслаўскага санктуарыя, распачалася цэнтральная святая Імша, падчас якой арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер здзейсніў каранацыю абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел 31 іерарх, каля 200 святароў і амаль 10 тысяч вернікаў. Прыбылі таксама прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, якія працуюць у Віцебскай вобласці.
На «караблі» падчас урачыстай літургіі знаходзіліся іерархі не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы, якія прыбылі на гэтае ўзнёслае мерапрыемства па запрашэнні біскупа Віцебскага Уладзіслава Бліна. Непасрэдна каля алтара размяшчаўся сводны хор Віцебскай дыяцэзіі, які ўпрыгожваў супольную малітву спевам пад акампанемент аркестра.
На пляцоўцы перад спецыяльна змайстраваным алтаром сабраліся шматлікія вернікі Браслаўшчыны і з іншых куткоў Беларусі, а таксама замежныя госці. Вачамі, поўнымі замілавання і радасці, яны ўзіраліся ў абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў, які быў усталяваны на яхце перад алтаром.
У каментарах да літургіі прагучала цудоўнае тлумачэнне тых сімвалаў, якія былі выкарыстаны для падрыхтоўкі месца правядзення каранацыі. Карабель — гэта запрашэнне да падарожжа шляхамі Маці Божай, якой трэба толькі даверыцца, каб Яна прывяла кожнага з нас да жыцця вечнага ў доме Нашага Айца. Карабель, на якім адбывалася каранацыя, павінен нагадваць усім, хто апынаецца на возеры ці ў моры на судне, што Маці Божая заўсёды побач і можа ўратаваць ад усялякай бяды.
Літургію цэлебраваў арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Ёахім Майснер. Ён жа прамовіў гамілію па-нямецку, якая паралельна перакладалася на беларускую мову. Іерарх адзначыў, што «чалавек з’яўляецца вянцом, каронаю Божага стварэння. Карона, якой была ўвянчана Марыя, прызначана і нам, бо мы з’яўляемся Божымі дзецьмі. Мы не толькі Божыя стварэнні, але сёстры і браты Хрыста, а праз гэта — дзеці Божыя. (...) Мэта Марыі — гэта наша мэта, Яе шлях — наш шлях, таму сёння мы звяртаемся да Яе, усклікаючы:„Марыя, прымі нас як пілігрымаў, якія ідуць з Табою да Хрыста“.
Адразу пасля гаміліі адбыўся галоўны і найбольш чаканы момант усёй урачыстасці — каранацыя абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў папскімі каронамі. Кардынал Ёахім Майснер усклаў карону спачатку на галаву Езуса, а затым Яго Маці — Марыі. Пасля гэтага перад абліччам укаранаванай Маці Божай біскуп Уладзіслаў Блін зачытаў Акт аддання вернікаў і душпастыраў Віцебскай дыяцэзіі Маці Божай Валадарцы Азёраў . У пранікнёнай просьбе іерарха ўрачыста гучала: «О Марыя, Маці Браслаўская! Мы, Твае дзеці, хочам аддаць Табе ва ўласнасць нашыя сэрцы, нашу працу і адпачынак, малітвы і надзеі, каб Ты, нашая Маці, магла распараджацца імі, як сваёй праўдзівай уласнасцю».
Пасля гэтага замежныя іерархі, а таксама прадстаўнікі розных парафій Віцебскай дыяцэзіі прынеслі Марыі дары. А напрыканцы святой Імшы ў знак падзякі і пашаны прадстаўнікі браслаўскай парафіі, а пасля іх і іншыя вернікі скіравалі самыя добрыя словы ў адрас пробашча браслаўскай парафіі кс. Лешэка Вітвіцкага SDS, а таксама ўсіх тых, без удзелу каго не магло б адбыцца гэтае мерапрыемства.
У сваю чаргу, кс. Лешэк выказаў падзяку Пану Богу і яго Маці за тое, што гэтая ўрачыстасць адбылася. Узгадаў усіх, хто прычыніўся да арганізацыі гэтага свята. Ксёндз Лешэк прызнаўся, што вельмі ўзрадаваны тым, што так шмат людзей сабралася ў гэтыя дні ў Браславе, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай. Ён выказаў надзею, што з кожным годам колькасць вернікаў і пілігрымаў будзе павялічвацца.
Пасля ўдзялення благаслаўлення і завяршэння літургіі абраз Маці Божай Валадаркі Азёраў ва ўрачыстай працэсіі быў перанесены ў браслаўскую святыню і змешчаны ў галоўным алтары.
Перажываем Вялікі пост. Глыбокую падрыхтоўку да святкавання ўрачыстасці Уваскрасення Хрыста немагчыма ўявіць без сакрамэнту споведзі. Як лепш перажыць гэтую асабістую сустрэчу з міласэрным Богам, звернемся за парадай да ксяндза пробашча Станіслава Мжыглуда SDS.
Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
Расклад катэхэз у нашай парафіі на 2022-2023 год
Расклад катэхез:
Падрыхтоўка да Першай Святой Камуніі
(Заняткі распачнуцца з 20 верасня)
1 год – Аўторак 17:20
Серада 17:00
Нядзеля 14:00
2 год –Серада 18:00
Нядзеля 10:00
Нядзеля 12:00
Падрыхтоўка да сакрамэнту Канфірмацыі
(Заняткі распачнуцца з 17 верасня)
1 год – субота 13.00
2 год – субота 14.30
(Заняткі распачнуцца з 24 верасня)
3 год – субота 17.00
Дзеці 4-8 год – нядзеля 12.00 (у кляштары сясцёр эўхарыстак)
Катэхэза для дарослых – пятніца 19.40 (у кляштары сясцёр эўхарыстак)
Смерць - гэта канец людскога пілігрымавання, але разам з тым яна - нараджэнне, уваход у новае, вечнае жыццё, у быццё дзяцей Божых, сабраных у доме Айца. Таму мы кіруемся не да смерці, але да жыцця.
Дамовіцца са святаром аб каталіцкім пахаванні можна ў сакрыстыі.
Паважаныя парафіяне! Прапануем вашай увазе фільм, зрэалізаваны у 1999 годзе, які распавядае пра місіянерскую дзейнасць Сальватарыянаў ва Усходняй Еўропе пасля ўпадку бярлінскага муру. Адзін з Генеральных Капітул Сальватарыянаў даручыў Польскай Правінцыі Сальватарыянаў распачаць працу па евангелізацыі на тэрыторыі сучаснай Албаніі, Беларусіі, Расіі і Украіны. Фільм на ангельскай і польскай мове.
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.