105. Адкуль мы ведаем пра Пана Бога, пра Яго сутнасць?
- Сам Пан Бог аб'явіў людзям праўду пра сябе. Гэтую праўду перадае нам Касцёл.
106. Што такое Касцёл?
- Касцёл - гэта сям'я Божая, супольнасць хрысціянаў, якія пад кіраўніцтвам Езуса Хрыста, наступнікам якога з'яўляецца Папа Рымскі, імкнуцца да збаўлення, вызнаючы адну веру і прымаючы адны і тыя ж святыя сакрамэнты.
107. Каму Хрыстус даручыў навучаць людзей усяму, што аб'явіў Бог?
- Хрыстус даручыў гэта Апосталам і іх пераемнікам.
108. Якога Апостала Хрыстус выбраў сваім наступнікам?
- Езус Хрыстус выбраў сваім наступнікам святога Пятра.
109. Хто з'яўляецца наступнікам святога Пятра?
- Наступнікам святога Пятра з'яўляецца біскуп Рыма – гэта значыць, Святы Айцец, Папа Рымскі.
110. Хто з'яўляецца наступнікамі Апосталаў?
- Наступнікамі Апосталаў з'яўляюцца біскупы.
111. Хто дапамагае біскупам навучаць людзей таму, што аб'явіў Бог?
- Навучаць таму, што аб'явіў Бог, дапамагаюць біскупам святары і дыяканы.
112. Якія галоўныя абавязкі хрысціяніна?
- Кожны хрысціянін павінен: верыць у тое, што аб'явіў Бог, і чаму навучае Касцёл; выконваць Божыя запаведзі і касцёльныя наказы; прымаць святыя сакрамэнты; маліцца і рабіць добрыя ўчынкі.