Малітва ахвяравання сябе Маці Божай
Маці Божая, Беззаганная Марыя! Табе прысвячаю цела і душу маю, усе малітвы і працу, радасць і цярпенні, усё, чым я ёсць, і ўсё, што я маю. Шчырым сэрцам аддаюся Табе ў няволю любові. Даю Табе поўную свабоду карыстацца мною дзеля выратавання людзей і дзеля дапамогі святому Касцёлу, Маці якога Ты з’яўляешся. Хачу з гэтага часу рабіць усё з Табою, праз Цябе і дзеля Цябе. Ведаю, што ўласнымі намаганнямі нічога не зраблю. Ты ж усё можаш па волі Сына Твайго. І заўсёды перамагаеш. Апякунка верных, учыні, каб мая сям’я, парафія і ўся Айчына сталі сапраўдным Валадарствам Твайго Сына і Тваім Валадарствам. Амэн.
Малітва да Маці Божай аб ласцы добрай смерці
О Марыя, Ты – найлепшы прытулак бедных грэшнікаў. О чулая мая Маці, калі душа мая будзе адыходзіць з гэтага свету, праз боль, які зведала Ты, калі была прысутнай пры смерці Сына Твайго на Крыжы, выпрасі для мяне ласку, каб мая смерць стала актам паслухмянасці і любові Міласэрнаму Богу Айцу, па прыкладзе Хрыста.
Выйдзі насустрач мне, калі распадзецца дом маёй часовай пілігырымкі і маё жыццё пераменіцца, і пакажы мне месца ў небе, якое падрыхтаваў мне Твой Сын.
Не пакідай мяне, о Каралева мая. Ты мая абарона ў гэтай хвіліне.
Прасі свайго Сына, каб дазволіў мне ўбачыць святло вечнае і радавацца паўнатой збаўлення.
Езус, Марыя, Вам аддаю сэрца і душу маю. Амэн.
МАЛІТВА ДА БОЖАЙ МАЦІ
(св. Кірыла Тураўскі)
Цара Святога, о, добрая Маці,
Глянь літасціва на грэшнага сына:
Руку падай мне — не дай прападаці, —
Вызвалі ад грэху, надзея адзіна!
Увесь я грэшны душою і целам, —
Вачэй падняці да Цябе не смею:
Малюся з плачам, каб Ты захацела
Мне даць паратунак, як маю надзею.
Хрыста нарадзіла: Ён мёртвых ажывіць. —
Ратуй мяне Ты — у грахах паміраю:
Твая малітва мяне ашчаслівіць, —
3 Хрыстом паўстану і Бога пазнаю.
Ад стрэл варожых духа вельмі злога
Твой шчыт надзеі мяне абароніць:
Нягодных д’яблаў (а іх надта многа!),
Твой меч магутны ў пекла прагоніць.
Заграз я ў злосці, глыбей западаю;
Каб я не згінуў ганебна ў астатку,
Вырві з балота, падыймі з упадку,
Сын блудны — ласкі тваёй выпрашаю!
Загады Сына Твайго я пакінуў, —
Я адвяртаўся ад Яго навукі:
О, Найсвяцейша, каб жа я не згінуў,
Ратуй ад пекла — ад вечнае мукі!
А цемра граху мяне агарнула,
О, асвяці нас сваёю зарою! —
Сляпая, немач да зямлі прыгнула —
Пайду да Бога я разам з Табою.
Найпрыгажэйша, цудоўна лілея,
Ты між жанчынаў — з усіх кветак Дзева,
Божая Маці, магутна надзея,
Брама да неба, Ты — райскае дрэва!
Грахі, як воды, мяне абступілі:
Думкі нягодны і словы бясстыдны
Так з галавою мяне затапілі —
Стаўся, як дрэва гнілое, агідны.
Цябе вітаю і надзею маю,
Чыстая Дзева, маё ачышчэнне,
О, Маці Бога, у бядзе канаю:
Сваею ласкай прыспяшы збаўленне!
Мяне раздзерці і пажорці хоча
Люты звер-вораг (яму душаў мала!),
Каб цябе бачыць, адкрый мне вочы,
Язык ачысці — пяяць Тваю хвалу!
«Вітай, Марыя!» клічу з арханёлам
Усей душою — пяю цэлай сілай:
Прад Божым Тронам, прад нябескім хорам
«Радуйся шчасцем у Айчыне мілай!»
Богу у Тройцы — вечна хвала ў небе:
О, Маці Бога, ведаеш дарогу —
Саму бліжэйшу — у маей патрэбе —
Мае малітвы пакажы ўсе Богу!
Амэн.