НАВЭННА ДА МАЦІ БОЖАЙ З ЛЮРДА
Ў ІНТЭНЦЫІ ХВОРЫХ
(штодзённа можна дадаваць уласную інтэнцыю)
Першы дзень 2 лютага
О наша Пані з Люрда, якую мы з вялікім даверам заклікаем як пасрэдніцу ласкаў і міласэрнасці. Выпрасі нам ласкі, патрэбныя для духоўнага і фізічнага аздараўлення.
____________________________________________
На кожны дзень навэнны
Міласэрны Божа, прыйдзі на дапамогу нашай слабасці і ўчыні, каб праз заступніцтва Беззаганнай Багародзіцы Твайго Сына, успамін якога мы адзначаем, мы падняліся з нашых грахоў да новага жыцця. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.
Ойча наш.., Вітай, Марыя.., Хвала Айцу.., Літанія да Маці Божай з Люрда.
________________________________________
Другі дзень 3 лютага
О наша Пані з Люрда, магутнасць Твая настолькі вялікая ў небе, што Ты ніколі не пагарджаеш нашымі просьбамі. Ты, якая багатая на міласэрнасць і сілу, выпрасі нам у свайго Сына ласкі, пра якія мы з даверам просім.
Трэці дзень 4 лютага
О наша Пані з Люрда, Ты паказала сваю любоў да грэшнікаў, даручаючы Бэрнардэце маліцца за іх. Нашыя грахі вядуць да таго, што мы нявартыя наблізіцца да Цябе, але з даверам просім — выпрасі для нас жаль за грахі і ласку шчырай споведзі.
Чацвёрты дзень 5 лютага
О наша Пані з Люрда, мы прыходзім да Цябе, як да Той, якая ніколі і нікому не адмаўляе ў сваёй міласэрнасці. О Марыя, прыйдзі нам на дапамогу і выпрасі для нас чысціню душы і цела.
Пяты дзень 6 лютага
О наша Пані з Люрда, мы дзякуем Табе за клапатлівыя адносіны да нас, бо мы ніколі не перастаем быць Тваімі дзецьмі. Навярні ўсіх грэшнікаў, каб яны паядналіся з Богам і паміж сабою.
Шосты дзень 7 лютага
О наша Пані з Люрда, Ты зносіла ўсё з вялікай цярплівасцю, выпрасі нам мужнасць, патрэбную для вытрымкі ў хваробе і ў духоўных цярпеннях, якія мы хочам ахвяраваць Богу як кампенсацыю за грахі ўсяго свету і ў інтэнцыі святога Касцёла.
Сёмы дзень 8 лютага
О наша Пані з Люрда, Ты сказала Бэрнардэце: «Абяцаю табе шчасце не ў гэтым свеце, але ў іншым». Дазволь нам зразумець вартасць цярпення, якое Ты сама перажыла, стоячы пад крыжам.
Восьмы дзень 9 лютага
О наша Пані з Люрда, Беззаганнае Зачацце, Дзева чыстая і без граху, выпрасі нам ласку чыстасці, каб мы маглі процідзейнічаць усялякім схільнасцям да граху і малітваю супрацьстаяць усім пагрозам, якія нясуць свет, сатана і цела.
Дзевяты дзень 10 лютага
О наша Пані з Люрда, Ты так моцна заахвочвала нас да пакаяння! Выпрасі нам ласку прымаць дабро, якое дае Бог. Учыні, каб мы зразумелі ўсялякае зло граху і яго непрадбачаныя вынікі для нашага зямнога і вечнага жыцця.