Сумесныя паездкі сясцёр эўхарыстак з дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў Браславе становяцца добрай традыцыяй. Раней мы распавядалі пра рэкалекцыі для людзей з інваліднасцю з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.
 
Сёлета мы вырашылі працягнуць знаёмства з касцёламі Браслаўшчыны і прысвяцілі суботу міні-падарожжу па прыгожым і багатым на святыні родным краі. Сёння, 19 ліпеня, пад кіраўніцтвам айца Адама Квяткоўскага SDS і сястры Ірыны Папакуль SJE 16 чалавек наведалі святыні ў Дрысвятах, Мілюнцах і Пагошчы. 
Прыемна, што ініцыятарам паездкі стаў сталы наведнік Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў Іван Дзярук. Ён прапанаваў наведаць Дрысвяты, што на самай мяжы з Літвой, а сястра Ірына Папакуль з радасцю падтрымала яго ідэю і арганізавала паездку.
 
Першай кропкай, якую мы наведалі, стаў касцёл святых Пятра і Паўла ў вёсцы Дрысвяты. Тут мы разам з вернікамі дрысвятскай парафіі ўдзельнічалі ў святой Імшы, якую канцэлебравалі пробачш ксёндз Іван Кароткін і айцец Адам Квяткоўскі SDS.
«Гэты касцёл пабудаваны без адзінага цвіка. Хутка яму 100 гадоў»
 
Пасля Літургіі і літаніі да Сэрца Езуса з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнта ксендз пробашч касцёла Пятра і Паўла ў Дрысвятах Іван Кароткін распавёў пра гісторыю прыгожай драўлянай святыні: 
 
«Гэта чацвёрты касцёл, пабудаваны ў Дрысвятах. У 1514 годзе на востраве Замак быў узведзены першы касцёл пад тытулам Нараджэння Панны Марыі, ён быў філіялам браслаўскай парафіі. Касцёл быў пабудаваны дзякуючы фінансаванню караля Жыгімонта Старога. У 1611 годзе на тым жа месцы быў узведзены новы касцёл. У пажары згарэлі замак і паселішча, але святыня ўцалела.
 
У 1725 годзе пабудаваны касцёл ужо не на востраве, а на гэтым месцы, дзе мы зараз знаходзімся. І ён меў тытул святых Пятра і Паўла. Адначасова з ім дзейнічаў і касцёл на востраве, які праіснаваў да 19 стагоддзя.
 
Храм на месцы, дзе мы зараз ёсць, быў знішчаны ў часы Першай сусветнай вайны, пасля чаго быў распрацаваны праект гэтай святыні. У 1924 годзе літоўскі архітэктар Лявон Вітан-Дубейкаўскі падрыхтаваў праект драўлянага храма, аналагаў якога няма ў Беларусі. Будаваў касцёл Лявон Дубейкаўскі два гады з 1927 да 1929 разам са сваімі 16-18 гадовымі вучнямі. Ён вынайшаў арыгінальны спосаб будавання з дрэва: сцены касцёла складзены як канструктар, без адзінага цвіка! А калоны, якія цудоўна захаваліся ў амаль векавым будынку, з цэльнага дрэва. Некаторыя з іх да сёння «плачуць» смалой.
У гады Другой сусветнай вайны касцёл не быў зачынены, але яго закрылі ў часы камунізму, у 1963 годзе. У святыні зрабілі склад, яна была моцна пашкоджаная. Вярнулі касцёл вернікам толькі ў пачатку 90х гадоў. У 1991 годзе сюды прыйшлі служыць айцы салетыне і вярнулі парафіі жыццё. 
Напрыканцы аповеду пра касцёл ксёндз Іван звярнуў нашу ўвагу на абраз пакланення трох каралёў, што месціцца ў алтары: «Гэта копія абраза, які быў напісаны ў 1519 годзе. Арыгінал з’яўляецца каштоўным помнікам мастацтва і захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ў Мінску». 
На развітанне ён сардэчна запрасіў усіх ахвотных на адпустовую ўрачыстасць ў гонар святых Пятра і Паўла, якая адбудзецца ў парафіі 29 чэрвеня ў 18 гадзін. 
Мы выйшлі са святыні і сустрэлі ксяндза біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча. Ён раздзяліў наша захапленне краявідамі, што адкрываюцца з узвышша, на якім стаіць касцёл, а таксама патлумачыў паходжанне назвы вёскі Дрысвяты: «Тры святы, бо тут сустракаюцца тры «светы»: Беларусь, Літва і Латвія». Віцебскі ардынарый паблагаславіў удзельнікаў паездкі на добрую дарогу і мы паехалі ў вёску Мілюнцы, былыя Пеліканы. 
 
«Хопіць кожнаму дню свайго клопату»
 
Тут мы наведалі пабудаваны з чырвонай цэглы ў 1907 годзе касцёл св. Якуба. Удзельніца паездкі Людміла Сінкевіч, тутэйшая парафіянка, распавяла, што гэта святыня спазнала падобны лёс да храма ў Дрысвятах: «У савецкія часы яго закрылі і зрабілі сховішча: захоўвалі ўсё: і зерне, і тэхніку… Вокны былі выбітыя, нічога з інтэр’еру не засталося, касцёл моцна пацярпеў у часы нявер’я. Яго пачалі аднаўляць у 1990 гады. Адрэмантавалі ў 1994 годзе».
У касцёле са стрыманым інтэр’ерам, які часта бывае ў святынях, узведзеных у гатычным стылі, мы звярнулі асаблівую ўвагу на цікавы эўхарыстычны сімвал, выразаны на драўляным алтары: пелікан, які корміць сваім целам птушанятаў. Менавіта гэты вобраз добра ілюструе былую назву вёскі Пеліканы, хоць названая яна так была па прозвішчы гаспадароў маёнтку Пеліканаў, які тут некалі быў.
 
Людміла запрасіла ўдзельнікаў вандроўкі на абед да сваёй гасціннай матулі Галіны. Пакуль чакалі каўбаскі з вогнішча, спявалі песні, праслаўляючы Госпада за жыццё, людзей, якіх Ён даў нам і за дзень, які можам перажыць разам. На гітары нам акампанаваў Аляксандр Жураўскі, які самастойна навучыўся граць на некалькіх музычных інструментах. 
 
Пасля пасілку супольна памаліліся адну таямніцу ружанца і зрабілі фотаздымак на памяць каля карабля. Яго сваімі рукамі зрабіў старэйшы сын Галіны Аляксей (усяго ў яе 12 дзяцей!). Падзякаваўшы гаспадарам за гасціннасць, пачалі збірацца ў дарогу, хоць з’язджаць зусім не хацелася: у вялікай альтанцы так хораша было размаўляць і славіць Госпада спевам, знаёміцца адно з адным… Але нас чакалі ў апошнім на сённяшні дзень пункце нашай вандроўкі — у вёсцы Пагошча.
Ехалі, гледзячы на залітыя сонцам краявіды роднай Браслаўшчыны. Гэта была выдатная магчымасць паразважаць пра птушак нябесных і лілеі палявыя, праз вобразы якіх сёння прамаўляў да нас Езус у Святым Пісанні.
 
«Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату». 
 
У Пагошчы мы, канешне ж, наведалі касцёл Божай Міласэрнасці. У цені каля фігуры Сэрца Езуса нас чакаў пробашч парафіі ксёндз Славамір Самковіч. У адрозненні ад касцёлаў, якія мы наведалі раней, гэты — зусім малады. Першы камень быў закладзены ў 1998 годзе, а завяршылася будоўля святыні ў 2002 годзе. Парафія ж у Пагошчы існуе з 1560 года. 
 
Вярталіся ў Браслаў міма прыгожага мураванага касцёла ў вёсцы Опса, уздоўж прыгожых азёр і квітнеючых палёў і ў галаве віравалі думкі: колькі яшчэ адкрыццяў хавае чароўная Браслаўшчына і як хочацца адкрываць гэтую прыгажосць і паказваць яе іншым!
Ася Паплаўская,