Адвэнт – асаблівы час, калі кожны з нас асаблівым чынам рыхтуецца да нараджэння нашага Збаўцы Езуса Хрыста.
Але мы павінны засяродзіцца не толькі на прыгатаванні сваіх дамоў да свята, але, ў першую чаргу, прыгатаваць сваю душу, паспрабаваць аднавіць сваё жыццё і адносіны з бліжнімі. Каб больш глыбока разабрацца ў сабе ў нашай парафіі адбыліся трохдзённыя рэкалекцыі, якія праводзіў кс. Станіслаў Мжыглуд SDS.
На працягу рэкалекцый асаблівая ўвага аддавалася паяднанню з Богам праз сакрамэнт споведзі.
Цэнтрам, безумоўна, з’яўлялася Эўхарыстыя, на якой ксёндз-рэкалекцыяніст прамаўляў навуку, падчас якой закранаў розныя актуальныя праблемы сучаснасці.
Словы навукі глыбока закраналі прысутных, а яскравыя прыклады, прытчы, дапамагалі больш вобразна перадаць сутнасць.
Спадзяёмся, што гэтыя дні прыгатавання прынясуць свой плён у сэрцы кожнага чалавека, а час Божага нараджэння будзе спакойным і радасным.
Анжаліка Пілат