Рараты — адмысловыя святыя Імшы ў перыяд Адвэнту. Назва «Рараты» бярэ свой пачатак ад лацінскай песні «Rorate coeli desuper» («Дайце, нябёсы, росы з вышыняў»), якая спяваецца ў перыяд Адвэнту, звычайна на пачатку раратняй Імшы. Удзел у такіх набажэнствах – гэта заахвочванне прысвяціць адносінам з Богам больш часу, зрабіць іх больш якаснымі і шчырымі.
Традыцыйна Рараты адбываюцца перад усходам сонца. У касцёле пагашана святло, толькі гараць раратнія ліхтарыкі, якія прыносяць з сабою людзі, звычайна запаленымі, ідучы з дому ў святыню, асвятляючы змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае нам пра неабходнасць збірання на працягу ўсяго Адвэнту добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Езусу шлях да нашага сэрца.
Традыцыя ранішніх раратніх Імшаў існавала ў нашай парафіі здаўна. Але з цягам часу святары вырашылі праводзіць іх вечарам, каб удзельнічаць у іх маглі як мага больш дзяцей. Як заўсёды святары і сёстры-эўхарысткі дапамагаюць дзецям з карысцю правесці перыяд Адвэнту, накіроўваюць іх. Так кожныя Рараты дзеці атрымліваюць адно заданне, а разам з тым прыносяць рэчы ад якіх адмовіліся на час адвэнту, звычайна гэта нешта з салодкіх прысмакаў. Усё гэта збіраеца, каб ахвяраваць дзецям з малазабяспечаных сем’яў на Божае нараджэнне.
С. Ж.
 
Неба покрывам укрыла
Снегам белым сцежкі,
Восень с жалем уступіла
Зіме сцюжнай месца.
 
Снежань люду абвясціў,
Што ўжо Адвэнт наступіў!
Трэба сэрцы рыхтаваць,
Каб Езуса сустракаць.
 
І таму ў касцёл мы з хаты,
С запаленай свечкай,
Хутка крочым на Рараты
І раніцой,  і ў вечар.
 
Наша Маці Валадарка
З абраза узірае,
І ўсмешкаю лагоднай
Усіх нас адарае!
 
З надзеяй мы стаім прад Ёю,
У чаканні цуда,
Збаўцу нашага з любоўю
Бог дарыць нам будзе!
 
Марыя Піскун
 
Фота: Ірына Гайдамовіч