З 18 па 20 снежня ў нашай парафіяльнай супольнасці адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў а. Дзмітрый Лабкоў CSsR з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарыстаў) з Гродна.
 
Напачатку рэкалекцыянер заахвоціў вернікаў нашай парафіі стварыць у сваіх дамах  у гэтыя дні атмасферу цішыні і малітвы, не праглядаць навіны з Беларусі і свету, якія штодня турбуюць сэрца. Але пастарацца больш часу прабываць на малітве. А гэта для таго, каб паразважаць над тым, што ёсць навяртанне: яно з'яўляецца адказам на Божую любоў.
 
"Навяртанне — гэта той момант, калі мы разумеем, што патрэбныя Богу, што Ён пра нас клапоціцца", — адзначыў айцец Дзмітрый. 
Святар заахвочваў паразважаць над тым, якая наша малітва, як выглядае наша духоўнае, сакрамэнтальнае жыццё. А таксама паглядзець на ўласныя адносіны з іншымі людзьмі, асабліва з роднымі, да якіх прызвычаіліся і часта здаецца, што ўжо наўрад ці што магчыма змяніць. У Бога ж няма нічога немагчымага. Мы павінны быць больш мудрымі, церпялівымі і міласэрнымі. 
 
"Ці мая вера дапамае мне ў штодзённасці быць трошкі лепшым?.. Жадаю, каб час Адвэнту і перажывання свята Божага Нараджэння паказаў нам, што мы здольныя змяняцца, здольныя паглыбляць сваю веру. Няхай Бог дасць нам патрэбныя ласкі і сілы. Каб нашыя сем'і і месцы працы напаўняліся Божай прысутнасцю", — заклікаў рэкалекцыяніст.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч