У Каталіцкім Касцёле пачынаецца Адвэнт — перыяд падрыхтоўкі да Нараджэння Божага Сына. Адвэнт — гэта таксама пачатак новага літургічнага года.
Час чакання сімвалізуе адвэнтавы вянок, які з'явіўся ў нашай святыні. Гэты звычай паходзіць з Германіі. Пратэстанцкі тэолаг і грамадскі дзеяч Джон Віхэрн адкрыў у Гамбургу школу-прытулак для сірот. Пастыр вельмі клапоціўся пра сваіх падапечных і хацеў, каб яны адчувалі сябе як ў сапраўднай сям'і, таму ў Адвэнце 1839 года ён зрабіў вялікі вянок, каб стварыць атмасферу, якая б садзейнічала малітве. Па краях кола размясціў 24 невялікія свечкі. Кожную з іх запальвалі ў чарговы звычайны дзень Адвэнту. Вакол вянка падапечныя Віхэрна штодня збіраліся на супольныя сустрэчы, малітвы і спевы. Хутка звычай адвэнтавых вянкоў распаўсюдзіўся па іншых гарадах Германіі і ўсёй Еўропы.
Адвэнтавы вянок мае глыбокую сімволіку. У сённяшні час ён выконваецца з зялёных яловых ці піхтавых галінак у форме круга, на якім размяшчаюць чатыры свечкі — сімвал чатырох нядзель Адвэнту. Запальванне свечак азначае чуванне і гатоўнасць да прыходу Хрыста.
Запальванне свечак у наступныя нядзелі Адвэнту маюць сваю сімволіку: першая свечка сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць Творцу. Свечка, запаленая ў другую нядзелю Адвэнту, сімвалізуе веру патрыярхаў ізраільскага народу, удзячнасць за дар — Абяцаную Зямлю. Трэцяя свечка — сімвал радасці караля Давіда, які цэлебруе саюз з Богам. Апошняя — сімвал навучання прарокаў, якія абвяшчалі прыход Месіі.
Святло свечак у вянку азначае надзею, а яго зеляніна — працяг жыцця. Форма круга сімвалізуе вечнасць, якая не мае пачатку і канца. Цалкам адвэнтавы вянок — гэта сімвал Божага люду, які чакае ў радасці і любові прыход Збаўцы ў свет.
Часта ў цэнтры вянка прысутнічае яшчэ і пятая свечка - свечка "Рараты", якая сімвалізуе Найсвяцейшую Дзеву Марыю, якая, як ранішняя зорка, абвясціла ўзыход новага Сонца Праўды - Езуса Хрыста. Святло, Якое рассейвае змрок і цемру граху, уносіць яснасць ў навакольную рэчаіснасць чалавека.
Перыяд Адвэнту дзеліцца на два этапы. Першы – ад першай нядзелі адвэнту да 16 снежня — з’яўляецца часам радаснага чакання паўторнага прыйсця Хрыста. Гэта час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння, калі ўзгадваем першы прыход Божага Сына да людзей. Адначасова перыяд, калі праз успамін першага прыходу Хрыста кіруюцца душы да чакання Яго паўторнага прыйсця напрыканцы часоў. І другі — з 17 па 24 снежня, калі мы ўжо непасрэдна рыхтуемся да ўрачыстасці Божага Нараджэння.
Адвэнт багаты на разнастайныя сімвалы і традыцыі. Адной з прыгожых традыцый Адвэнту з’яўляецца раратняя святая Імша ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. 3 вялікай ахвотай у раратніх святых Імшах прымаюць удзел дзеці, якія на пачатку літургіі ідуць у працэсіі, трымаючы ў руках запаленыя свечкі або лампадкі.
Яшчэ адным праяўленнем адвэнтавай літургіі святла з’яўляюцца раратнія ліхтарыкі. Ідучы на рараты, дзеці бяруць з сабой ліхтары, каб асвяціць змрок. Гэтая прыгожая сімволіка нагадвае пра неабходнасць збірання добрых учынкаў, якія дапамогуць асвяціць змрок граху ў нашай душы, паказаць Хрысту дарогу да людскіх сэрцаў.
Абавязковым у гэты перыяд з’яўляецца ўдзел у адвэнтовых рэкалекцыях. Гэтыя духоўныя практыкаванні праводзяцца святаром-рэкалекцыяністам, які запрашаецца ў парафію для цэлебрацыі набажэнстваў, удзялення сакрамэнту пакаяння і абвяшчэння Божага слова.
Аляксандр Сапель SDS