З пятніцы па нядзелю ў нашай парафіі праходзілі адвэнтавыя рэкалекцыі. Праводзіў іх кс. Юзаф Парфяновіч, які працуе ў жлобінскай парафіі.
 
Напрацягу трох дзён у сваіх казаннях ксёндз Юзаф даступнай мовай распавядаў з аднаго боку пра простыя, а з другога — вельмі важныя справы: адносіны ў сям'і, нашыя словы, пажаданні, адкрытасць на змены ў жыцці, уменне прысвячаць Богу святы дзень — нядзелю. 
"Ці заўсёды нашыя словы нясуць супакой? Ці нашыя словы напаўняюць наш дом атмасферай радасці? — ткія пытанні ксёндз Юзаф прапанаваў прысутным задаць сабе, бо "слова можа забіць і слова можа ўваскрасіць". 
 
"Чым я напаўняю сваё сэрца? Якімі фільмамі, музыкай? Ці смуткам, ці радасцю, ці надзеяй? Ці Божымі справамі ці справамі гэтага свету?", — працягваў святар.
"Святы дзень нядзеля неабходны нам, каб затрымацца над сваім жыццём. Бо калі не рабіць гэтага, жыццё можа незаўважна праляцець і мы не ўбачым у ім Бога, які побач. (...) Нядзеля дапамагае нам усведаміць, што ўсё, створанае Богам — добрае. Бог мяне стварыў — і я добры. Ці я люблю сябе? Бо як магу любіць бліжняга, калі не люблю сябе. Другое важнае ў нядзелі — убачыць, што Бог усё можа аднавіць нанова. (...) Трэці элемент нядзелі — адпачынак у Богу. Можа агчымы, калі наша сэрца чыстае. І таксама адпачываць фізічна. Таксама ў нядзелю можам усведаміць, што ўсё ў руках Бога, наша сям'я ў руках Бога. Неабходна вучыцца давяраць усё Богу. Дазволіць Богу дзейнічаць у маім жыцці".
 
Святар-рэкалекцыяніст правёў таксама сустрэчу для дзяцей і для моладзі. 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч