Ад свята Божага Нараджэння ў парафіяльных супольнасцях традыцыйна адбываецца каляда, якую Касцёл афіцыйна называе душпастырскім візітам. Звычай наведвання сямей і кватэр душпастырамі традыцыйна працягваецца да распачацця перыяду Вялікага посту.
У залежнасці ад колькасці сямей у парафіі і ад рашэння святароў, душпастыр можа прызначыць каляду на іншы перыяд. Гэта перш за ўсё датычыцца гарадскіх парафій, дзе немагчыма наведаць сем’і пасля Божага Нараджэння.
Каляда звязана з перыядам Божага Нараджэння толькі назвай і можа памылкова асацыіравацца са спяваннем калядных песень. Яна, незалежна ад літургічнага перыяду, з’яўляецца душпастырскай падзеяй. Да таго, каб вернікі ўспрымалі каляду ў душпастырскім духу, павінен заахвоціць душпастыр падчас нядзельных аб’яў. Вернікі могуць самі запрасіць святара наведаць іх кватэру. Гэтым яны публічна выражаюць веру ў тое, што адносна іх вызначаны душпастыр выконвае павучальнае і асвячальнае заданне Хрыста і Яго Касцёла.
З аднаго боку, ксёндз пробашч, ксёндз вікарый ці адпаведны душпастыр маюць магчымасць непасрэдна пазнаёміцца з жыццём сваіх вернікаў, з умовамі, у якіх яны жывуць, а таксама са станам іх рэлігійнага жыцця. Такая рэдкая нагода не сустракаецца падчас рэгулярнага правядзення набажэнстваў і сустрэч у касцёле. Тут радасць душпастырскай паслугі выраўноўвае праца і фізічная стомленасць, якія звязаны з наведваннем часам некалькіх дзясяткаў кватэр за адзін дзень.
З іншага боку, вернікі могуць адчуць зацікаўленасць і духоўную падтрымку свайго душпастыра, якому даручаны клопат пра іх рэлігійнае жыццё. Гэта праяўляецца ў супольнай малітве аб Божым бласлаўленні сям’і і кватэры, а таксама ў выказаным святаром заахвочванні і духоўнай парадзе.
Не трэба блытаць каляду з нейкай формай магіі ці з касцёльнай падатковай інспекцыяй. Каляда з’яўляецца супольным усведамленнем вернікамі і душпастырамі рэлігійнай сітуацыі кожнай сям’і, а таксама прыкладаннем намаганняў для таго, каб у кватэры знаходзілася Божае бласлаўленне. Выражэннем падзякі і клопату аб штодзённых патрэбах Касцёла і сваіх душпастыраў з’яўляецца ахвяра, якую складаюць вернікі. Яна павінна дапамагчы лепшаму функцыянаванню парафіі і арганізаваных у ёй апостальскіх спраў. Памер ахвяры залежыць ад дастатку кожнай сям’і і адказнасці вернікаў за касцёльную супольнасць, да якой яны належаць. Ахвяравальнік таксама мае права вызначыць суму, прызначаную ім на ўтрыманне парафіяльнага касцёла і на асабістыя патрэбы святара. Аднак адсутнасць матэрыяльных сродкаў не можа быць прычынай для таго, каб не запрашаць ксяндза да сябе дадому з душпастырскім візітам.
Аб духоўнай і рэлігійнай культуры каляды сведчаць адпаведны парадак у кватэры, выключаны тэлевізар, радыё ці камп’ютар, а таксама прысутнасць усіх членаў сям’і падчас супольнай малітвы ў адпаведна падрыхтаваным для гэтага пакоі. Стол павінен быць засланы белым абрусам. На ім павінен стаяць крыж, свечкі, пасудзіна з асвечанай ці падрыхтаванай да асвячэння вадой, крапіла і Святое Пісанне.
Усё сказанае вышэй можа пазітыўна паўплываць на пераўтварэнне душпастырскага візіту ў прыязную атмасферу сустрэчы душпастыраў са сваімі вернікамі не толькі з мэтай бласлаўлення сям’і і асвячэння кватэры, але таксама для аказання ім часцейшай дапамогі і парады.
Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
Сакрамэнт намашчэння хворых з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які таксама ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: «Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Пана, – і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будуць знятыя з яго. Прызнайцеся адзін перад адным у правінах і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець; шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 13-16).
Нарадзіўся 16 чэрвеня 1848 г. у беднай сялянскай сям’і ў Гуртвелі каля Валдшунт. Памёр у Тафэрсе каля Фрыбурга 8 верасня 1918 года. З дзяцінства жадаў стаць святаром. Доўга чакаў пакуль рэалізуюцца планы з-за цяжкой сітуацыі ў сям’і. Працаваў фізічна, быў здольным і вядомым рамеснікам. Вылучала яго вытрываласць у дасягненні мэты. У 26 гадовым узросце (1874 год) стаў студэнтам і вывучаў тэалогію, а маючы 30 год (1878 год) стаў святаром акурат у той час, калі Касцёл у Германіі перажываў цяжкі Культуркампф.
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.