У перыяд Божага Нараджэння і пасля яго ў кожнай парафіі адбываецца душпастырскае наведванне сем’яў — так званая каляда. Раней гэтыя візіты святара распачыналіся на Новы год (ці на наступны дзень), а заканчваліся ва ўрачыстасць Аб’яўлення Пана (6 студзеня). 
 
Каляда — гэта перш за ўсё падзяка Богу за атрыманыя ласкі ў мінулым годзе і малітва аб апецы ў наступным, а таксама магчымасць асабістага знаёмства са святаром. У Каталіцкім Касцёле да душпастырскага візіту абавязвае кананічнае права, якое прадпісвае наведванне сем’яў для пашырэння веры і аказання неабходнай духоўнай дапамогі.
 
Для таго, каб дадзеная рэлігійная падзея прайшла належным чынам, неабходна стварыць для яе адпаведныя знешнія ўмовы: засцяліць стол белым абрусам, на якім будуць знаходзіцца Святое Пісанне, крыж, свечка, асвячоная вада і крапідла.
 
Асаблівасцю душпастырскай сустрэчы з’яўляецца тое, што ў ёй павінна ўдзельнічаць уся сям’я (і толькі адна). Таму сям'я абавязана даведацца, у які дзень і а каторай гадзіне святар наведае дом, каб усе члены сям’і маглі загадзя падрыхтавацца да таго, каб у гэты час быць дома.
 
Гаспадар павінен прывітаць святара і пазнаёміць яго з тымі членамі сям’і, якіх ён не ведае. Сустрэча працягваецца гутаркай, звязанай з духоўным жыццём сям’і. Пасля адбываецца супольная малітва і асвячэнне пакояў.
 
Напрыканцы сустрэчы гаспадары могуць прапанаваць святару (як і кожнаму госцю ў сваёй хаце) падсілкавацца.
 
 
Калі б вы хацелі, каб да вас прыйшоў святар з душпастырскім візітам, то звярніцеся з такой просьбай да святара, калі будзеце ў касцёле.
 
catholic.by