28 снежня ў нашай парафіі адбылася канцэртная праграма “Калядная зорка”. Спачатку ўдзельнікаў і гледачоў прывітаў ксёндз Станіслаў, які папрасіў падтрымаць маладых артыстаў, заахвоціў спевам праслаўляць Нованароджанага і радавацца святам. На імправізаванай сцэне ў святыні хлопцы і дзяўчаты рознага ўзросту праслаўлялі Бога і дзяліліся радасцю, якая напаўняла іх сэрцы з нагоды нараджэння Збаўцы. 
Праграма складалася з дзвюх частак. Спачатку прагучалі калядныя спевы, а потым вершы. Безумоўна, кожны ўдзельнік хваляваўся, але гэта толькі ўпрыгожвала выступленне і дадавала асаблівай чуласці. Дзякуючы сучаснаму музычнаму суправаджэнню, слухачы змаглі трапіць у чараўную святочную атмасферу той начы, калі нарадзіўся Хрыстос, пастаяць каля яселькаў, ціхенька заспяваць. Насычанай была і другая частка, дзе ўдзельнікі чыталі вершы. Адметна, што прагучалі не толькі вершы і ўрыўкі вядомых беларускіх і рускіх аўтараў, але і твор, напісаны бацькам і сынам.
Удзельнікі атрымалі падарункі ад парафіяльнай арганізацыі “Caritas”. А ксёндз пробашч падзякаваў усім за адвагу, бацькам за дапамогу і адзначыў, што кожны з’яўляецца пераможцам, бо папрацаваў над сабой і захацеў прыняць удзел у канцэрце. Асаблівую падзяку не толькі ксёндз Станіслаў, але і бацькі накіроўваем да арганізатара канцэрта спадарыні Інны Сапун за тое, што натхняла, накіроўвала і дапамагала выступаючым.
тэкст: Анжаліка Пілат
фота: Ірына Гайдамовіч