Бэтлеемская Ноч Божага Нараджэння збірае нас на святкаванні вялікай таямніцы любові. Спрадвечны Сын Божы прыняў чалавечую прыроду і як кожны чалавек прыйшоў у гэты свет, як маленькае дзіця, народжанае жанчынай, каб мы былі збаўленыя.
Няхай гэты досвед будзе для нас штодзённым узмацненнем. Няхай вядзе нас да даверу Богу ва ўсім – у здароўі і хваробе, у радасці і горы, у тым, што лёгка даецца і ў тым, да чаго прыкладаем шмат намаганняў. Няхай беднасць Бэтлеемскай стайні, сціпласць, якую Бог абраў дзеля чалавека, будзе для нас заклікам, каб пайсці за Ім да цалкавітага аб'яднання з Ім, Эмануэлем - Богам з намі...
 
Звяртаюся да ўсіх вас з сардэчнымі святочнымі пажаданнямі. Няхай Дзіця, народжанае ў Бэтлееме, асвятляе і напаўняе нашыя сэрцы надзеяй і спакоем, вернасцю і міласэрнасцю, каб мы заставаліся ў Яго любові. Няхай Нованароджаны Езус благаславіць усе добрыя натхненні ў  Новым 2016 годзе.
 
з каляднымі віншаваннямі і малітвай
Кс. Станіслаў Мжыглуд SDS