Традыцыйна, пасля Вігіліі дома, дзе падчас ламання аплатка, імкнёмся выказаць найлепшыя пажаданні, ідзём у касцёл. Там, каля яселькаў, з глыбіні нашых сэрцаў выплывае радасць, удзячнасць, просьбы…
Святая Ішма а поўначы сабрала шмат вернікаў, якія сваёй малітвай і прысутнасцю чарговы раз ушаноўвалі таямніцу ўцелаўлення нашага Збаўцы. Гэтая ноч мае своеасаблівую прыгажосць і таямніцу, напаўняючы сэрцы вернікаў спакоем і радасцю. Прыгожыя дэкарацыі, узнёслы спеў спрыялі не толькі святочнаму настрою, але і дапамагалі засяродзіцца над гэтай вялікай падзеяй для ўсяго чалавецтва. Як зазначыў ксёндз пробашч у сваім віншаванні: “Не бойцеся запрасіць Езуса ў сваё сэрца і жыццё!” Езус, які нарадзіўся ў Бэтлееме, павінен нарадзіцца і ў нашых сэрцах.
Пасля святой Імшы з благаслаўленнем нованароджанага Дзіцяці кожны вяртаўся дадому з вялікай радасцю і надзеяй, што маленькі Езус, прысутны ў нашым жыцці, нароўніць нас  радасцю і верай, а Яго святло перамажа ў нас тое, што аддаляе ад Бога. 
 
Тэкст: Анжаліка Пілат
Фота: Ірына Гайдамовіч