Вечар 24 снежня заўсёды асаблівы для ўсіх католікаў свету. Так і ў нашай парафіі кожная сям'я  сабралася разам на вігілійную вячэру, каб узгадаць вялікую падзею - нараджэнне Хрыста.
 І каб праз супольную малітву, дзяленнем аплаткай са словамі падзякі і перапрашэння зрабіць так, каб Хрыстус жыў у нас саміх, і каб мы неслі Бога іншым.
 
Галоўны момант ва ўсім святкаванні   ̶  святая Імша Пастэрка, якая цэлебруецца апоўначы. Мы не спім, трываем і як простыя пастухі ідзём з радасцю пакланіцца нованароджанаму Месіі. Літургія распачалася ўрачыстай працэсіяй, у якой ксёндз пробашч унёс у святыню фігуру Езуса і паклаў яе ў яслі. Гэтыя ўрачыстыя моманты нікога не пакідаюць абыякавымі, і нават міжволі чалавек задумаецца пра сутнасць і сэнс святкавання Божага Нараджэння. 
 
Пра гэта казаў і ксёндз Станіслаў у сваёй пропаведзі: наколькі вялікае гэтае свята, што здольна перамяніць нават тых, хто адзначае яго без веры. А кожнаму парафіяніну  варта дбаць пра тое, каб штодня Езус быў у нашым сэрцы, толькі тады Яго прыйсце ў гэты свет будзе мець сэнс і дасць вялікі плён. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч