З мёртвых паўстаў ўжо 
Хрыстос, наш Пан і надзея…
 
У гэты цяжкі для нас час спяшаюся абвясціць вам усім радасную вестку аб тым, што Хрыстос – наш Пан і надзея – перамог зло, грэх і шатана, перамог смерць – уваскрос.
 
Ад усяго сэрца жадаю вам яшчэ раз адкрыць, што Евангелле – гэта не гісторыя і мінулае, а напоўнены моцаю і мудрасцю вопыт, які змяняе наша “сёння” і “зараз”. Жадаю вам сустрэчы з Уваскрослым, гэта значыць, Панам Жывым, і цешыцца шматлікімі спосабамі і “месцамі” Яго прысутнасці: у Слове і ў сакрамэнтах, у Касцёле і ў іншым чалавеку, асабліва ў бедным і патрабуючым.
 
Жадаю вам нанава адкрыць і распаліць надзею на тое, што будучыня кожнага з нас асабіста і ўсяго свету належыць Дабру, а не злу, Жыццю, а не смерці, Любові і Міласэрнасці, а не нянавісці і помсце, Еднасці, а не адзіноце і падзелам.
 
Шчыра жадаю вам перажыць найвялікшую таямніцу нашай веры – наш пераход праз смерць да жыцця з Езусам Хрыстом.
 
Паверым жа ва Уваскрослага і тады зможам любіць Яго, і яна, гэтая Любоў, агорне нас надзеяй, што “не можа расчараваць, бо напоўнена неўміручасцю”. А мы, з’яднаныя Хрыстом, з Божай ласкай, пераможам свае слабасці, спакусы і грахі, пераможам страх, боль і роспач, абудзімся да новага жыцця дзяцей Божых.
 
Жадаю вам шчаслівага, прыгожага велікоднага часу!
кс. Станіслаў Мжыглуд SDS