“О, сапраўды благаслаўлёная ноч, бо толькі яна была годная ведаць час і гадзіну, у якую Хрыстус паўстаў з мёртвых…”.  Гэта словы старажытнага  гімна, які абвяшчае Змёртвыхпаўстанне Пана і распачынае святкаванне Вялікадня. Сапраўды, перад тым, як завіднеў Вялікі Дзень, была “тая ноч, у якую Хрыстус, разарваўшы путы смерці, пераможцам выходзіць з падземных нетраў” (з таго ж гімну).
 
Здаўна ў Ерусаліме святкаванне Вялікадня распачыналася ад Гробу Пана. Патрыярх Ерусаліма ўваходзіў у змрок пахавальнай пячоры і выходзіў адтуль з запаленай свечкай. Гэты вымоўны знак сведчыў пра перамогу Уваскрослага Хрыста над цемрай граху і смерці.
 
Сімвал запаленай свечкі прысутнічае і ў сучаснай літургіі. Святар ўваходзіць у цёмны касцёл несучы запалены Пасхал. Ужо сама гэтая свечка сімвалізуе Хрыста. Зробленая з воску азначае Яго матэрыяльнасць, створанасць як Чалавека. Аздобленая знакамі крыжа, пяццю “ранамі”, актуальным календарным годам і грэцкімі літарамі “альфа” і “амега” паказвае збаўчую прысутнасць Бога ў смяротным чалавечым Целе і часе, хоць Сам  пераўзыходзіць час. “Святло Хрыстова!!!” – тройчы абвяшчае святар ідучы да алтара. “Дзякуем Богу” – адказваюць вернікі і з дапамогай міністрантаў запальваюць ад Пасхала прынесеныя з сабой свечкі, дзелячыся гэтым святлом адзін з адным. Так паступова рассвятляецца ўвесь касцёл. А калі Пасхал займае пачэснае месца ля амбоны, святар спявае Абвяшчэнне Пасхі: “Узрадуйцеся ўжо, хоры Анёлаў у небе… Узрадуйцеся, Божыя слугі… Весяліся і зямля, апрамененая ўзнёслым бляскам… цэлы свет няхай адчуе, што вызваліўся з цемры.” Гэты старажытны Гімн праслаўлення ў сучасным выглядзе паходзіць з канца 7 стагоддзя, хоць сваімі каранямі сягае тры стагоддзі глыбей. Ён праслаўляе Хрыста Збаўцу, які сваёй Крывёй адкупіў  кожнага чалавека ад Адама да нас, сённяшніх, і падрыхтоўвае вернікаў да Літургіі слова, дзе больш падрабязна паказваецца любоў Створцы і збаўчыя дзеянні Бога ў гісторыі чалавецтва. Чытанні са Старога і Новага Запавету, пераплеценыя псальмамі і малітвамі, сведчаць пра еднасць Божага слова, якое абвяшчае Хрыста.  Пасля апошняга чытання са Старога Запавету запальваюцца свечкі на алтары, радасна звіняць званы, і спяваецца другі старажытны гімн “Хвала на вышынях Богу”, які ўжо не суцішыцца аж да наступнага Вялікага Посту.
 
Важным момантам Пасхальнай літургіі з’яўляецца асвячэнне вады і аднаўленне абяцанняў хросту. Святар пытаецца ў кожнага з вернікаў: “Ці выракаецеся сатаны? І ўсіх справаў ягоных? І ўсіх спакусаў ягоных? Граху, каб жыць у свабодзе дзяцей Божых? Ці выракаецеся ўсяго, што вядзе да зла, каб грэх не панаваў над вамі?” Як кажа святы Павел, Хрыстос вызваліў нас да свабоды. Таму кожны ахрышчаны на гэтыя пытанні мае толькі адзін адказ – “Выракаюся”, пасля чаго вызнае сваю веру, адказваючы на пытанні святара. Еднасць з Уваскрослым выражаецца таксама ў прыняцці Камуніі.
 
Пасхальны Трыдуум трывае да Нешпараў нядзелі Змёртвыхпаўстання. Аднак кожная нядзеля і кожная Святая Імша з’яўляюцца “маленькай” Пасхай. Бог, які жыве па-за часам, прыходзіць да нас, замкнёных у часе і прасторы, і запрашае да новага жыцця. “Пасха” азначае “пераход”. Яднаючыся з Хрыстом у Яго пасхальнай таямніцы, разам з Ім перажываем нашу жыццёвую “пасху”, пераходзячы праз розныя дасвядчэнні з зямнога жыцця да вечнага.
 
С. Іна Амельчанка  SJE
фота: Ірына Гайдамовіч
У тэксце выкарыстана інфармацыя з партала: liturgia.pl