4 красавіка, у ноч з суботы на нядзелю ў Браслаўскай парафіі адбылася Літургія Вялікай суботы і Пасхальная вігілія, якая лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго касцёльнага года. Святы Аўгустын называе яе «маці ўсіх вігілій». У гэтую ноч Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Хрыста.
Літургія пачалася з Літургіі святла, падчас якой кс. пробашч Станіслуў Мжыглуд паблагаславіў агонь, распалены перад касцёлам, а потым — пасхал. Пасхал — гэта вялікая свечка, якая сімвалізуе Хрыста, ад пасхала свае свечкі запалілі і ўсе вернікі. 
У спеве Exsultet усе пачулі абвяшчэнне радаснай весткі пра ўваскрасенне Пана. Падчас Пасхальнай вігіліі першы раз пасля перыяду Вялікога посту спяваецца ўрачыстае «Аллелюя».
Літургія Слова ў гэты дзень надзвычайна багатая. Касцёл разважае пра цуды, ад стварэння свету ўчыненыя Богам дзеля збаўлення чалавецтва. Святочная Імша ў Браславе сабрала шмат вернікаў. Падчас казання ксёндз пробаш сказаў, што «У Хрысце ўсё мае сэнс. Хрыстос — Святло. Каб адмовіцца ад сквапнасці, заздрасці, нянавісці, ад усяго, што аддаляе нас ад Бога. Падчас Літургіікожны з нас усведамляе сабе, што Хрыстос перамог зло. Ён паказаў нам, што можам усё пераадолець, калі бузем верыць у Яго. Будзем жа наследваць Хрыстаў сваёй штодзённасці».
Трэцяя частка Вігіліі — гэта Літургія Хросту, падчас якой асвячаецца вада і адбываецца хрост. У парафіі адбыўся хрост двух дарослых і аднаго дзіцяці. Усе вернікі аднаўляюць свае хросныя абяцанні.
Нарэшце, адбываецца Эўхарыстычная Літургія, у якой адбываецца ўспамін смерці і ўваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві.
Потым усе ўдзельнічалі ва ўрачыстай рэзурэкцыйнай працэсіі вернікі заспявалі гімн «TeDeum», святар паблагаславіў усіх прысутных Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы пробашч парафіі кс. Станіслаў Мжыглуд яшчэ раз павіншаваў вернікаў з вялікім святам Хрыстовага Уваскрасення.
Вялікдзень — найстаражытнейшае хрысціянскае свята, яно накіроўвае нашыя думкі да Хрыста, які перамог смерць, грэх і сатану і на трэці дзень уваскрос! Хрыстус нясе кожнаму чалавеку надзею, радасць і новае жыццё! 
 
Людміла Бурлевіч