Запрашаем на літургіі Святога Пасхальнага Трыдуума
Ушанаванне мукі i ўваскрасення Езуса Хрыста доўжыцца поўныя тры днi. Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрасення Пана пачынаецца з вечаровай Імшы Вячэры Пана, мае свой цэнтр ў Пасхальнай вігіліі і завяршаецца Нешпарамі нядзелі Уваскрасення.
Святы Пасхальны Трыдуум з’яўляецца своеасаблiвай кульмiнацыяй усяго літургічнага году. Гэта не падрыхтоўка да Вялiкадня, а само ўшанаванне Хрыстовай Пасхi, праз удзел у Яго муцы, смерцi i ўваскрасенні.
У нашай парафіі расклад набажэнстваў у гэтыя дні наступны:
Вялікі чацвер ‒ 19.00.
Вялікая пятніца ‒ 19.00 (набажэнства Крыжовага шляху ў 11.00 і 18.00).
Вялікая субота ‒ 22.00.
Вялікдзень ‒ 11.00, 19.00 і ў 16.30 у бальнічнай капліцы.
Вялікі чацвер – дзень Божай любові і пакоры
Шмат гістарычных і літургічных падзей прыпадае на гэты дзень. Перш за ўсё гэта Апошняя Вячэра, падчас якой Езус абмывае ногі вучням і ўстанаўлівае Эўхарыстыю і сакрамэнт святарства. У гэты ж дзень Езус звяртаецца да вучняў з развітальнаю прамоваю, выкрывае здрадніка, і моліцца ў Гетсіманіі. Гэты дзень завяршаецца арыштам Езуса.
У катэдральных касцёлах у гэты дзень цэлебруецца так званая Імша Хрызма, якую біскуп канцэлебруе разам са святарамі з усёй дыяцэзіі. Падчас гэтай Імшы біскуп асвячае алей хворых, а пасля святой Камуніі — алей катэхуменаў (калі гэта прынята) і кансэкруе алей Хрызма.
Увечары вернікі збіраюцца ў парафіяльным касцёле, каб разам перажываць асноўную падзею дня — Імшу Вячэры Пана, якою і распачынаецца святы Пасхальны Трыдуум. Гэтая Імша ў Вялікі чацвер мае асаблівае значэнне – яна з’яўляецца ўспамінам Апошняй Вячэры. Падчас яе можа адбывацца абрад абмыцця ног 12 мужчынам на знак таго, што ўчыніў Хрыстус, пакідаючы хрысціянам свой запавет пакоры і любові.
На заканчэнне гэтай Эўхарыстыі Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі ўрачыста пераносіцца ў так званую «цямніцу» ў памяць пра арышт Хрыста і ноч, праведзеную Ім у вязніцы.
Вялікая пятніца – дзень посту і жалобы
У Вялікую пятніцу Касцёл успамінае муку і смерць нашага Збаўцы Езуса Хрыста. Вялікая пятніца заўсёды была днём асаблівага пакаяння і посту. У адпаведнасці са старажытнай традыцыяй у гэты дзень Касцёл не здзяйсняе Эўхарыстычнай ахвяры (святой Імшы). Алтар застаецца цалкам не пакрыты, без абрусоў, крыжа і падсвечнікаў.
У гэты дзень цэлебруецца спецыяльнае набажэнства – літургія Мукі Пана. Цэнтральнай часткай літургіі Мукі Пана з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Пасля святой Камуніі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў сімвалічную грабніцу.
Вялікая субота — чаканне ўваскрасення Збаўцы
У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У гэты дзень Касцёл поўнасцю ўстрымліваецца ад здзяйснення Эўхарыстычнай ахвяры. Шматлікія вернікі наведваюць святыні ў гэты дзень, каб адараваць Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана, а таксама прыносяць з сабой стравы, каб благаславіць іх на велікодны стол.
Пасхальная вігілія, якая адбываецца ў ноч Уваскрасення, лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго касцёльнага года.
Калі ў парафіі не цэлебруецца святая Імша ў нядзелю на світанні, то адразу пасля Пасхальнай вігіліі (уночы) адбываецца рэзурэкцыйная працэсія, у якой нясуць Найсвяцейшы Сакрамэнт i сiмвал уваскрасення (фiгурку Хрыста і крыж, перавязаны чырвонаю стулаю). Працэсiя пачынаецца ад гробу Пана i абыходзiць адзiн альбо тры разы касцёл пад радасны велiкодны спеў.
Вялікдзень – «свята святаў»
Найбольшай хрысціянскай урачыстасцю з’яўляецца Вялікдзень. Яго называюць «святам святаў».
На святочны стол, за якім збіраецца ўся сям’я, ставяцца і асвячоныя стравы. Перад пачаткам снядання чытаецца ўрывак са Святога Пісання, потым усе разам моляцца, пасля чаго ядуць асвячонае яйка.
Вернікі, якія ўдзельнічалі ў начным набажэнстве і рэзурэкцыйнай працэсіі, не маюць абавязку быць на святой Імшы ўдзень.
Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
Бог стварыў мужчыну і жанчыну па свайму вобразу і падабенству і паклікаў іх перадаваць наступным пакаленням новае жыццё як плён узаемнай любові сужэнцаў і як праяўленне любові Бога Творцы. Ад пачатку гісторыі чалавецтва сужэнства было святым саюзам, а Хрыстус нават узвысіў яго да годнасці сакрамэнту.
У сакрамэнце сужэнства мужчына і жанчына заключаюць саюз для супольнага жыцця, а таксама атрымліваюць Божую ласку для належнага выканання сужэнскіх абавязкаў, а асабліва для добрага выхавання патомства.
Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) — гэта законная супольнасць, пакліканне якой — абвяшчаць усім людзям, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам. У Касцёле гэтая супольнасць існуе з 1881 г.
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.