Сёння, у Вялікі чацвер, узгадваем устанаўленне Хрыстом сакрамэнтаў Эўхарыстыі і святарства. З гэтай нагоды хочам падзякаваць ксяндзу Станіславу, ксяндзу Адаму і ксяндзу Уладзіміру, а таксама сёстрам эўхарысткам за іх служэнне ў нашай парафіі.
 
Вернікі браслаўскай парафіі жадаюць святарам і сёстрам законным заўсёды заставацца вернымі свайму пакліканню і абяцанням, складзеным імі перад Богам. Няхай Дух Святы кіруе вашымі думкамі і ўчынкамі, каб праз прыклад вашага жыцця многія асобы пазналі і палюбілі Бога.
 
Жадаем быць мужнымі вызнаўцамі Хрыста, наслядоўваючы Яго ва ўсім, асабліва ў любові да бліжніх. "А калі абмыў ім ногі, апрануў вопратку сваю і зноў сеў за стол, і сказаў ім: Ці разумееце, што Я зрабіў вам? Вы Мяне называеце Настаўнікам і Панам, і добра кажаце, бо Я ім ёсць. Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам" (Ян 13, 12-15).
 
Няхай Добры Бог адудзячыць вам за вашу руплівасць і клопат аб развіцці веры парафіянаў!