У каталіцкім літургічным календары ёсць адзін-адзіны дзень, калі не справуецца Святая Імша. І гэты дзень – Вялікая Пятніца. Аголены алтар, пусты табэрнакулюм і адстутнасць крыжа ў прэбітэрыюм сведчаць пра адно: Пастыр нас пакінуў.
 
Літургія Мукі Панскай распачынаецца ў суцэльнай цішы. Святар кладзецца ніцма перад алтаром і замірае ў глыбокай малітоўнай пашане перад таямніцай Збаўчай Ахвяры Хрыста. Ён апрануты ў чырвоныя шаты, што сімвалізуе не толькі Муку Сына Божага, але таксама Яго каралеўскую годнасць і бязмежную любоў да людзей. Пасля кароткай малітвы распачынаецца Літургія слова.
Прарок Ісая кажа пра Слугу Ягвэ, які нацерпіцца ад людзей і станецца іх заступнікам, будзе ўзвялічаны Богам, і здабудзе святло. Здаўна Касцёл адносіў гэтыя словы да Езуса, Які “узяў на Сябе немачы нашы” (Іс 53, 5). Такім чынам, ужо ў Старым Запавеце быў занатаваны гэты парадоксальны шлях праз знявагі і смерць да хвалы і змёртвыхпаўстання. Паслухмянасць Божай волі вядзе да дасканаласці, хоць вядзе праз Крыж, вучыць спачуваць і аказваць міласэрнасць тым, што перажываюць цяжкасці. Сам Езус “хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці дзякуючы таму, што выцерпеў. І будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення” (Гбр 5, 8-9). 
 
Чытанні і слова Евангелля паводле Яна падкрэсліваюць свядомасць і дабравольнасць збаўчага ўчынку Хрыста. Езус – не сляпая Ахвяра лёсу! Ён – сапраўдны Кароль, Які ахвяруе сваё жыццё за жыццё сваіх падданых. Таму адгэтуль Крыж – ужо не знак ганьбы, а знак збаўлення. Знак прабачэння, паяднання, любові… І таму лагічным працягам Літургіі Вялікай Пятніцы была адарацыя Крыжа і Камунія.     
 
Адарацыя Крыжа мае вельмі старажытную гісторыю. Яе карані сягаюць IV стагоддзя, калі рымская імператрыца Алена знайшла той самы крыж, на якім памёр Езус. Ужо тады хрысціяне прыходзілі, каб ушанаваць гэтыя рэліквіі пацалункам. У сучаснай літургіі адарацыя Крыжа адбываецца спачатку ўсімі разам, калі святар паступова адкрывае фігурку Укрыжаванага і ўзнімае крыж са словамі: “Вось дрэва крыжа, на якім памёр Збаўца свету”, а ўсе прысутныя адказваюць: “Пойдзем паклонімся”.  А потым кожны з вернікаў можа ўшанаваць знак збаўлення схіліўшы перад ім калені і (ці) цалуючы.
 
Святая Камунія завяршае Літургію Вялікай Пятніцы. Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца ў “грабніцу”. Манстранцыя прыкрытая вэлюмам нагадвае Цела Хрыста, знятае з крыжа і загорнутае ў палотны. Ёсць у гэтым таксама пэўная таямнічасць  Вялікай Суботы, якая змяняе галаслівую Пятніцу, і трапяткое чаканне на Вялікдзень…
 
Вяночак да Божай Міласэрнасці, які разам з вернікамі маліўся кс.Адам, распачаў падрыхтоўку ад Свята Божай Міласэрнасці, якое адбудзецца ў наступную нядзелю.  
 
С. Іна Амельчанка SJE
У тэксце выкарыстана інфармацыя з партала: liturgia.pl