Сённяшняй літургіяй распачалі Святы Трыдуум Пасхальны, найважнейшыя дні ў літургічным годзе. Называем іх святымі днямі, бо ад іх усё пачынаецца і да іх усё імкнецца.
 
Вялікі чацвер – гэта памятка апошняй вячэры, прыпамінае нам пакорнае служэнне Хрыста, які абмывае ногі сваім вучням, які дае нам прыказанне любові. Езус пакідае нам Сябе ў сакрамэнце святой Эўхарыстыі, таму падчас літургіі а. Станіслаў, нагадваючы словы Езуса: “Я ёсць хлеб, які зышоў з Неба”, заклікаў нас да моцнай веры, што ў хлебе – Езус, што ў святой Камуніі сустракаемся з Езусам. Эўхарыстыя так неабходна нам для душы, як кожная страва для цела.
Святочная літургія распачалася ад урачыстага ўваходу працэсіі літургічнай службы са святарамі нашай парафіі. Падчас спеву гімна “Хвала на вышынях Богу...” білі званы і гучалі арганы, а пасля – на час мукаў Пана –змоўклі. Напрыканцы літургіі Найсвяцейшы Сакрамэнт пераняслі  да цямніцы, каб ужо там чуваць на малітве і дзякаваць Пану за прысутнасць, ахвяру і бясконцую любоў.
Сёння асаблівы дзень падзякі Богу за дар Эўхарыстыі, за сакрамэнт святарства, таму парафіяне вельмі шчыра агарнулі малітвай і павіншавалі нашых святароў і сясцёр эўхарыстак з днём Эўхарыстыі і святарства.
У містэрыі Вялікага чацвера мы бачым незразумелую і непатрабуючую доказаў праўду: Бог любіць нас, любіць усіх, нават тых, якія Яго не ведаюць, нават тых, якія не жадаюць быць каханымі. Абвяшчайма ўсім нашым целам, розумам і душой хвалу Бога, які даў нам свайго Сына як адзіную Пасху збаўлення.
 
 
С. Наталля Арлянковіч SJE
фота:Ірына Гайдамовіч