Вялікая пятніца - гэта дзень, у якім найглыбей перажаваем муку, укрыжаванне і смерць Збавіцеля. Гэта дзень жалю і смутку, гэта дзень цішыні.
 
Удзелам у сённяшняй літургіі даём выразны знак нашай веры і становімся пад крыжом, каб прасіць аб міласэрнасці і прабачэнні для сябе і ўсяго свету. Таксама глядзім на крыж з любоўю і падзякай, бо ў Яго раскрытых далонях яснее любоў Бога.
 
 
У нашай браслаўскай святыні, як і ва ўсіх касцёлах, у Вялікую пятніцу паздыманы ўсялякія ўпрыгожванні каля галоўнага алтара, няма абруса, кветак, усё гэта прыпамінае нам, што сёння не адпраўляецца святая Імша, і сімвалізуе прыніжэнне Хрыста з усялякай годнасці дзеля нашага вывышэння. Касцёл трывае ў маўчанні і адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту ў цямніцы, а 15й гадзіне святары, сёстры законныя і вернікі распачалі навэнну да Божай Міласэрнасці.
 
 
Сёння, перад літургіяй ксёндз пробашч разам з усімі вернікамі разважалі Крыжовы шлях нашага Збаўцы. Гэтыя разважанні адкрылі нашыя сэрцы на малітоўны настрой і еднасць з Хрыстом у нашых жыццёвых змаганнях. Пасля распачалася літургія Вялікай Пятніцы, якая мела ў сабе літургію слова, адарацыю крыжа, святую Эўхарыстыю і працэсію да Гробу Пана.
 
 
Падчас гаміліі вельмі шчыра ксёндз Адам звярнуўся да прысутных: “Будуць глядзець на Таго, Каго прабілі…” Гэтымі словамі ён заўважыў і падкрэсліў алтар Езуса Укрыжаванага ў нашым касцёле. І менавіта гэты алтар аддае частку праўды пра веліч цярпення і мукі Хрыста. Далей святар заахвочваў, каб кожны, гледзячы на Езуса Укрыжаванага запытаўся: чаму Ён гэта зрабіў?.. Напрыканцы айцец Адам пажадаў, каб наш удзел у літургіі Вялікай Пятніцы аднавіў і паглыбіў нашу пашану да Езуса Укрыжаванага, каб кожны, гледзячы на Таго, Каго прабілі чалавечыя грахі, адкрываў адно – ЛЮБОЎ.
 
 
Няхай жа гэтыя словы умацоўваюць нашу веру і адкрываюць сэрцы навялікую Таямніцу Божай Любові.
 
C. Наталля Арлянковіч SJE
фота:Ірына Гайдамовіч