14 красавіка ў нашай святыні, як і ва ўсіх каталіцкіх касцёлах, адбылася Імша Вячэры Пана. Падчас яе ўзгадваецца Апошняя Вячэра Хрыста з вучнямі і яго арышт. Гэта дзень, калі Хрыстус устанавіў сакрамэнт Эўхарыстыі і святарства.
 
У сваёй гаміліі ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд заахвоціў успрымаць дзеянні Хрыста ў гжэты дзень, як чалавека, які ведаў пра хуткую смерць. Таму ў апошнія гадзіны прабывання з вучнямі Езус рабіў галоўнае і прамаўляў найважнейшае. Хрыстус пакідае не толькі на словах запавет любові і служэння, але і як прыклад абмывае вучням ногі. 
 
"Наш Пан Езус Хрыстус устанаўлівае Эўхарыстыю ў вельмі цяжкі момант свайго зямнога жыцця, — адзначыў кс. Станіслаў. — Гэта драматычная сітуацыя: побач з Хрыстом сядзіць здраднік, а праз некалькі гадзін усе вучні разбягуцца. Яго чакаюць невыносныя пакуты, а потым смерць. Устанаўліваючы Эўхарыстыю ў гэты момант, Хрыстус дае нам каштоўную падказку: менавіта прыняцце Бога ва Эўхарыстыі дае сілы пераадольваць такія цяжкія моманты". 
 
"Хрыстус пакідае нам сябе ў святой Камуніі ў якасці дапамогі ў цяжкасцях. Мае дарагія, хто гэта разумее, той ніколі не забудзе прысутнічаць на святой Імшы. Ён будзе ведаць, якую дапамогу пакінуў нам наш Пан. Гэта моц, якая дапамагае нам змагацца са здрадай, цярпеннем і нават смерцю", — дадаў святар.
Святая Імша Вячэры Пана завяршаецца працэсіяй, Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносяць у сімвалічную вязніцу, дзе Хрыстус прабыў усю ноч. Таму ў пятніцу можна ў любы час зайсці ў святыню, каб трываць на малітве. 
 
У Вялікую пятніцу адбудуцца набажэнствы Крыжовага шляху ў 11 і 18.15. А ў 19 гадзін распачнецца набажэнства Мукі Пана. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ася Паплаўская