Так называецца набажэнства, якое праходзіць ва ўсіх каталіцкіх святынях свету ў Вялікую пятніцу. У гэты дзень не цэлебруецца святая Імша ва ўспамін аб пакутах і смерці Езуса Хрыста.
 
Літургія Вялікай пятніцы насычаная сімваламі. Напачатку святар кладзецца крыжам перад алтаром і разам з вернікамі моліцца ў маўчанні. Затым ідзе літургія слова,  малітва ў дзесяці розных інтэнцыях. Пасля наступае самая працяглая чатка — адарацыя і ўшанаванне крыжа ўсімі прысутнымі вернікамі. 
 
Завяршаецца малітва ўдзяленнем Камуніі і працэсіяй да сімвалічнай грабніцы.
 
Падчас гаміліі ў Вялікую пятніцу ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд нагадаў, што гэты дзень прасякнуты болем і цярпеннямі Хрыста, якія ёсць таксама і ў жыцці кожнага чалавека. Але Бог ствараў чалавека для шчасця, а не для пакутаў. 
 
"Наш Бог прагне нашага шчасця, таму ёсць з кожным, хто церпіць. Калі паверым, што праз свае цярпенні далучаемся да цярпенняў Хрыста на крыжы, то можам ахвяраваць іх у пэўнай інтэнцыі, напрыклад аб чыім-небудзь навяртанні" — адзначыў пробашч.
 
Разам з тым святар нагадаў, што Бог дапускае некаторыя цярпенні, каб даць чалавеку большае дабро. Добраперажытае цярпенне служыць нашай святасці.  Бо "ўсе засмучаныя, будуць суцешаныя". Няма іншай дарогі да святасці, як толькі праз крыж Хрыстовы.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч