«Літургія Вялікай Суботы распачнецца а 22:00 абрадам святла і скончыцца прыкладна а 01:00 працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам», — абвясціў настаяцель санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе а. Станіслаў Мжыглуд SDS падчас  парафіяльных аб’яў у Нядзелю Мукі Пана. З гэтага вынікала, што браслаўскія вернікі змогуць у паўнаце перажыць Пасхальную Вігілію ў святую ноч Уваскрасення Пана, галоўную цэлебрацыю літургічнага года ў Касцёле.
 
Ушанаванне цэнтральнай таямніцы хрысціянскай веры распачыналася і завяршалася святлом запаленых светачаў вернікаў. Святло Хрыстова, якое перамагае любую цемру, любы грэх і нават саму смерць, стала цэнтральным сімвалам урачыстай літургіі. «Хрыстус увайшоў у непраходную цемру смерці як святло. Ноч стала яркай, як дзень, і цемра стала святлом», — падкрэсліў а. Станіслаў Мжыглуд падчас гаміліі.
 
Яшчэ адной важнай думкай, якая чырвонай ніццю праходзіла праз усё казанне святара стала безсэнсоўннасць пошукаў Езуса Хрыса ў магіле: «Уваскрослага Езуса ў магіле не бачыў ніхто. Ні жанчыны, ні бліжэйшыя вучні не знайшлі Яго там. Ніхто, хто шукае Езуса ў магіле, не знойдзе Яго там. Уваскрослага Хрыста там няма. Ён прыходзіць да чалавека ў сваім слове, у Целе і Крыві. Гэта цудоўная і дзіўная праўда, якую нясе ўваскрасенне Хрыста!»
 
З даўніх часоў у дзень Вялікадня літургія пачынаецца словамі: Resurrexi, et adhuc tecum sum. Alleluia! Яны перакладаюцца так: «Я ўваскрос і заўжды з табою. Алелюя!» «Ты паклаў на Мяне сваю руку», — такія першыя словы, якія Сын скіраваў да Айца пасля свайго ўваскрасення, калі вярнуўся з ночы смерці да святла жыцця.
 
«Рука Айца, — падкрэсліў айцец настаяцель, — падтрымлівала Езуса ў ноч адкуплення свету, дзякуючы чаму Ён змог уваскрэснуць. Гэтая любячая рука Айца падтрымлівае і кожнага з нас, Яго дзяцей, праводзячы нас праз нашыя змрокі і выпрабаванні, выводзячы на святло і рассейваючы любую цемру, ператвараючы яе ў сонечны дзень». Святар звярнуў увагу вернікаў на тэкст псальма 139 (138), у якім выражаецца захапленне да таго, што Бог ніколі не выпускае нас са сваіх рук: 
 
Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора,
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне. 
 
Скончыў гамілію а. Станіслаў Мжыглуд словамі, якія запалілі ва ўсіх прысутных святло надзеі: «Як бы глыбока не ўпаў чалавек, рукі Бога падтрымаюць яго. Ён — паўсюды, нават у брам смерці. Там, дзе ніхто не можа табе дапамагчы, падтрымаць, уваскрослы Езус знаходзіцца побач, чакае цябе і для цябе перамяняе цемру ў святло». 
 
Літургія Вялікай Суботы скончылася ў нядзелю прыкладна а першай гадзіне ночы ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол касцёла. Калі вернікі вярталіся дадому, нізка на небе ззяла поўня, нагадваючы, што цяпер усе мы, напоўненыя святлом Уваскрослага Хрыста, нясем яго ў нашыя сем’і. 
 
Ася Паплаўская  
фота Ірына Гайдамовіч