Браслаўская парафія перажывала ўрачыстасць Вялікадня.
 
Увечары Вялікай суботы, 19 красавіка, вернікі браслаўскай парафіі, як і ўсе католікі свету (а сёлета таксама і праваслаўныя), сабраліся на ўрачыстай літургіі, спалучанай з рэзурэкцыйнай працэсіяй. Святая Імша Пасхальнай вігіліі, якая распачынаецца ў Вялікую суботу вечарам пасля заходу сонца, лічыцца найважнейшай літургіяй усяго літургічнага года. Менавіта ў час Пасхальнай вігіліі першы раз пасля перыяду Вялікога посту спяваецца ўрачыстае «Аллелюя» і пачынаецца святкаванне Уваскрасення Пана Езуса.
 
Вялікдзень называюць «святам святаў». Для вернікаў урачыстасць становіцца пераходам да іншага, лепшага жыцця. Яна запэўнівае ў надзеі на ўваскрашэнне да новага і вечнага жыцця ў супакоі, справядлівасці і хвале. Гэта свята жыцця, веры, надзеі і, канечне, вялікай Божай любові, якая перамагла смерць.
 
Святочная Імша ў Браславе сабрала мноства вернікаў. З гаміліяй да іх звярнуўся ксёндз пробашч Антоні Земба. Святар падкрэсліў, што змёртвыхпаўстанне актуальнае і сёння, “а мы з’яўляемся яго сведкамі”.
 
 “Абвяшчаем свету гэтую праўду сваім жыццём. Абапіраемся на жывое і эфектыўнае Божае слова,бо яно змяняе нас. Яно - Божае слова – заклікае нас адсунуць камень граху. Заклікае таксама змёртвыхпаўстаць, каб жыць паводле Божых загадаў. Кожны павінен вяртацца да Бога-Айца як блудны сын альбо як злачынец, які пакаяўся.Такое вяртанне дае нам поўню свабоды, надзеі і спакою. І гэтага жадаювам усім”, - адзначыў кс. Антоні.  
 
Пасля Імшы і рэзурэкцыйная працэсіі вернікі заспявалі гімн «TeDeum», пасля якога наступіла малітва і благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. На заканчэнне ўрачыстай святой Імшы пробашч парафіі кс. Антоні Земба яшчэ раз павіншаваў вернікаў з вялікім святам Хрыстовага Уваскрасення.
 
Пасля Імшы вернікі разышліся па дамах, каб раніцай усёй сям’ёй сабрацца за святочным сталом і падзяліцца з роднымі і блізкімі не толькі велікодным яйкам, але найперш радасцю ўваскрасення Хрыста.
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч