З 29 па 31 сакавіка ў нашай парафіі праходзілі велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Андрэй Аніскевіч, дырэктар дабрачыннага таварыства «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі.
 
У гэтыя дні святар прамовіў да вернікаў у гаміліях і разам маліўся, а таксама правёў сустрэчы для дзяцей і моладзі. Усе жадаючыя маглі скарыстацца з сакрамэнту споведзі.
 
Свае казанні святар прысвяціў разважанням над сімваламі Вялікага посту: крыжам, пустыняй і попелам, а таксама над патрэбай навяртання і пра Міласэрнага Бога, які чакае кожнага з нас у сваім «бацькоўскім доме». 
 
«Вялікі пост павінен быць для нас матывацыяй, каб змяніць сябе, каб перамагчы свае страхі, цярпенні, каб зразумець, што Бог ніколі не пакідае чалавека», ‒ заахвоціў ксёндз Андрэй на пачатку рэкалекцый.
 
«Бог заўсёды неабыякавы да нас і нашых справаў, неабыякавы да таго, як мы з вамі жывём. Таму вельмі важна наша малітва за нас і нашых родных і блізкіх (…). ‒ падкрэсліў святар. ‒ Крыж ‒ гэта наша надзея на жыццё вечнае. Бог не пакідае нікога, хто просіць у Яго ласкі. Для Бога няма нічога немагчымага. І час Вялікага посту, час пакуты і цярпення, дапамагае нам гэта ўсвядоміць. Таму не трэба губляць веру, але варта шукаць Бога і навяртацца. Бо крыж ‒ гэта наш гонар і перамога, бо пасля крыжа ёсць змёртвыхпаўстанне і ёсць жыццё вечнае. Не трэба баяцца крыжа, але трэба спадзявацца на Бога».
 
Дзякуем ксяндзу-рэкалекцыяністу за яго паслугу ў нашай парафіі і жадаем усіх нам багатых духоўных плёнаў ад рэкалекцый і глыбокага перажывання літургій Пасхальнага Трыдуума і ўрачыстасці Уваскрасення Пана.  
 
Святлана Жылевіч
фота: Ірына Гайдамовіч