14 красавіка разам з усім Паўсюдным Каталіцкім Касцёлам вернікі браслаўскай парафіі перажывалі Вербную нядзелю ‒ успамін уезду Хрыста ў Ерузалем, дзе Ён будзе катаваны і ўкрыжаваны і дзе ўваскрэсне з мёртвых. Перад святой Імшой а 11-й гадзіне адбылася ўрачыстая працэсія.
 
«У сённяшнюю нядзелю, якую называем Пальмовай або нядзеляй Мукі Пана мы радасна збіраемся ў святыні. Толькі што мы ўрачыста з вербамі ўвайшлі ў святыню ‒ усё гэта вельмі прыгожа. Толькі мне здаецца, што для нас, хрысціянаў, не ў гэтым сэнс нашай сённяшняй сустрэчы ў касцёле. Хрыстус не прыйшоў для таго, каб нас забаўляць, але для таго, каб нас збавіць. Мы, хрысціяне, праз удзел у гэтай літургіі хочам дакрануцца да тых падзей, якія з’яўляюцца падмуркам нашай веры, каб зразумець сэнс ахвяры Езуса Хрыста для нашага збаўлення», ‒ распачаў гамілію ксёндз пробашч. 
 
«Сёння распачынаем вялікі тыдзень і варта сапраўды зрабіць усё магчымае, ка ён быў вялікім. А для гэтага неабавязкова нешта надзвычайнае, хопіць таго, каб штосьці, але змяніць на лепшае ў нашым жыцці. Можа, рабіць штосьці інакш, можа ставіцца з большай пашанай да сваёй сям’і ці звярнуць увагу на тых людзей, якія жывуць побач. Магчыма, менавіта ад нас яны чакаюць пачуць радасны спеў “Гасанна!”», ‒ заахвоціў ксёндз Станіслаў. 
 
Ксёндз Станіслаў нагадаў, што і сёння, у ХХІ стагоддзі, многія хрысціяне праходзяць крыжовую дарогу разам з Хрыстом. Дагэтуль у многіх краінах свету працягваецца пераслед і забойствы людзей, якія вызнаюць веру ў Хрысту. А ў мінулым стагоддзі пакутнікамі за веру сталі 45 мільёнаў хрысціянаў. 
 
«Як бачыце, крыжовы шлях Езуса працягваецца па сённяшні дзень. Нам, мае дарагія, не трэба ўцякаць ад кагосьці ці баяцца за сваё жыццё, трэба толькі змагацца са сваімі слабасцямі і сваімі грахамі. Нам неабходна быць вельмі чуйнымі, каб нашыя вербы не ператварыліся ў бізуны, якімі бічуюць Хрыста», ‒ завершыў святар.
 
Падрыхтавала Святлана Жылевіч