Сёлета католікі ўсяго свету будуць адзначаць Вялікдзень 5 красавіка. Папярэджвае яго Вялікі тыдзень, які пачынаецца Пальмовай (Вербнай) нядзеляй.

Літyргія гэтага дня нагадвае пра ўрачысты ўезд Езуса Хрыста ў Ерузалем перад Яго ўкрыжаваннем. На ўспамін пра гэтую падзею ў касцёлах адбываюцца працэсіі з вербамі і іх асвячэнне.

У літургіі Пальмовай нядзелі заўважаюцца два моманты: радасная працэсія з пальмамі і чытанне Мукі Пана. Такім чынам Касцёл падкрэслівае, што трыумф Хрыста і Яго ахвяра непарыўна звязаны між сабой. Пра шлях, які Езус хоча прапанаваць кожнаму чалавеку, казаў падчас галоўнай Імшы і рэкалекцыяніст Валерый Мазюк, рэдэмптарыст з Гродна. Як дзецям, так і дарослым важна навучыцца ўсё ахвяраваць Богу, аддаваць Яму не толькі свае поспехі і радасці, але і няўдачы, прасіць аб дапамозе і быць гатовым працаваць над сабой, удасканальвацца.

Па словах святара чалавеку варта дазволіць Богу весці сябе сваімі шляхамі, бо  Яго шлях – гэта шлях любові. Любові ўкрыжаванай, большай за ўсё. І такой любові трэба вучыцца. Не трэба “круціцца толькі вакол сябе”, але варта жыць для іншых. Бо жыццё для сябе – гэта ад для іншых, а жыццё для іншых – гэта рай для ўсіх. А таму айцец Валерый заахвоціў часцей задаваць сабе пытанні пра тое, якая наша вера? якім шляхам крочым? Каб паспець змяніцца, паспець сказаць самым любімым людзям галоўныя словы.

Духоўныя практыкаванні, якімі з’яўляюцца велікапосныя рэкалекцыі, працягнуцца ў нашай парафіі да аўторка. Гэтыя некалькі дзён прызначаны для больш глыбокага прабывання на малітве, разважання над сваёй верай, адносінамі з Богам і бліжнімі ды іншымі аспектамі рэлігійнага жыцця і таму з’яўляюцца добрай дапамогай у падрыхтоўцы да споведзі.

Завяршылася ўрачыстая літургія Вербнай нядзелі падвядзеннем вынікаў конкурсу на самую высокую вербу. Многія дзеці і падлеткі пастараліся, а пераможцы атрымалі цудоўныя падарункі.


тэкст: Святлана Жылевіч
фота Ірына Гайдамовіч