У сераду 26 лютага распачаўся Вялікі пост. Падчас святых Імшаў святары пасыпалі галовы вернікаў попелам як напамін пра абмежаванасць у часе чалавечага жыцця і як заахвочванне «пакаяцца і верыць у Евангелле».
Вялікі пост — гэта час вялікай духоўнай працы і пакуты, да чаго заахвочваў у гаміліі пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS.
«Мае дарагія, сёння распачынаем Вялікі пост, які будзе трываць 40 дзён. Ён стаў такім у Паўсюдным Касцёле ў V стагоддзі, — распачаў казанне ксёндз Станіслаў. — Сама лічба 40 мае важнае значэнне ў Бібліі. Заўважце, што менавіта 40 гадоў вандраваў выбраны народ па пустыні; 40 дзён прабываў Маісей на гары Сінай; 40 дзён Галіяф акружаў лагер ізраільцянаў; 40 дзён прарок Ілья вандраваў на хлебе і вадзе да Божай гары; 40 дзён заставалася жыхарам Нінівы на навяртанне, як казаў прарок Ёна; 40 дзён працягваўся патоп у часы Ноя. Да гэтага яшчэ трэба дадаць 40 дзён паміж змёртвыхпаўстаннем Хрыста і ўнебаўшэсцем. Лічба 40 азначае «досыць доўгі час» і можа інтэрпрытавацца як сімвал аднаго пакалення, як сімвал чалавечага жыцця. Мае дарагія, можам сказаць, што маем шмат часу: 40 дзён посту, але з іншага боку — можа і замала для таго, каб паспець падрыхтавацца да перажывання галоўных таямніц нашай веры. Маем гэтыя 40 дзён, каб адпакутаваць за нашыя грахі».
Пробашч нагадаў, што час Вялікага посту павінен стаць часам, калі мы задумаемся над самімі сабой. Бо вельмі лёгка ацэньваць іншых, цяпер жа час — выпраўляць уласныя грахі. У гэтай справе вернікам дапаможа прыняцце пастановы, спалучанае з малітвай.
«Браты і сёстры! Вялікі пост — гэта час вяртання да Айца. Перад намі 40 дзён, калі мы павінны глядзець угару, 40 дзён, каб перамяняць сваё жыццё, 40 дзён, каб змагацца з самім сабой, 40 дзён цішыні і малітвы, 40 дзён пакуты, якую кожны з нас сам сабе вызначыць. Магчыма, гэтыя 40 дзён будуць вырашальным момантам у справе нашага збаўлення. Таму не можам змарнаваць ні адной хвіліны з гэтага часу, які перад намі», — заахвоціў ксёндз Станіслаў.
Дбаць пра стан святыні ‒ гэта клопат парафіянаў. Таму шчыра запрашаем усіх вернікаў на прыборку касцёла, якая адбываецца кожны тыдзень па панядзелках (у 8. 30) і ў пятніцы пасля вячэрняй святой Імшы (у 19.30).
Будзе добра, калі кожны з нас задбае пра стан святыні і дапаможа ў штотыднёвай прыборцы (зразумела, па магчымасці). Няхай Бог вам адудзячыць!
У часе Апошняй Вячэры Езус сеў за стол разам са сваімі вучнямі, каб спажыць з імі Пасху, але не толькі на знак успаміну выхаду Ізраэля з егіпецкай няволі, але ўжо на знак успаміну таго, што павінна было хутка стацца: на памяць аб сваёй смерці і змёртвыхпаўстанні як вызваленні ўсяго чалавецтва з няволі граху і смерці. «Вельмі захацелася Мне, – кажа Езус да сваіх вучняў, – есці з вамі гэтую Пасху перад тым, як буду цярпець» (пар. Лк 22, 15).
Таварыства Боскага Збаўцы (сальватарыяне) — гэта законная супольнасць, пакліканне якой — абвяшчаць усім людзям, што Езус Хрыстус з’яўляецца адзіным Збаўцам. У Касцёле гэтая супольнасць існуе з 1881 г.
Для абвяшчэння Слова Божага пакліканы найперш біскупы, святары і дыяканы. У выкананні гэтага абавязку ім дапамагаюць лектары. У супольнасці вернікаў лектары чытаюць Божае слова, тым самым выхоўваючы ў веры дзяцей і дарослых, рыхтуючы іх да годнага прыняцця сакрамэнтаў.