“Не я б’ю, вярба б’е.
За тыдзень -- Вялікдзень”
Беларуская прымаўка
 
Як і кожны год, у нашай парафіі адбылася Вербніца. Гэтае свята нагадвае час, калі Езус разам з вучнямі прыйшоў у Ерусалім, каб святкаваць Пасху. Сваю апошнюю зямную Пасху. Праз некалькі дзён Ён аддасць сваё жыццё за збаўленне свету, перамагаючы грэх і смерць. Здаўна беларусы мелі традыцыю: асвяціўшы вербы, са словамі “не я б’ю…” лёгенька ўдарыць кагосьці з родных, сяброў, знаёмых. Такім чынам нагадвалі пра Муку, Смерць і Уваскрасенне Хрыста.
 
Езус на асляняці едзе ў Ерусалім. Яго радаснымі воклічамі сустракаюць тлумы людзей. Іх немагчыма змусіць замоўкнуць. А нават калі б гэта і ўдалося, камяні голасна праслаўлялі б Збаўцу. Праз некалькі дзён іншыя воклічы здрыгануць паветра – Укрыжуй! Укрыжуй! І ледзьве чутны шэпт дасць збунтаваным сэрцам магчымасць суцішыцца – “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што чыняць…”
 
Мы – ўсе збунтаваныя, усе памыляемся, усе падаем… А Ён быў знявечаны за нашыя правіны. Спяшаймася ачысціць свае сэрцы, паяднаўшыся з Хрыстом у сакраманце споведзі, каб разам з Ім уваскрэснуць да новага жыцця.
 
Не я б’ю, вярба б’е. За тыдзень – Вялікдзень. Вялікі дзень!
 
С. Іна Амельчанка SJE