“Вядома святы – гэта толькі нядзеля і панядзелак, а да гэтага мне дастаткова будзе пайсці з кошыкам на пасвячэнне” – у гэтым усведамленні сёння жывуць многія каталікі. Я хачу, каб вы ўбачылі іншы твар гэтых святаў, калі дагэтуль даводзілася жыць у вышэйзгаданай хлусні!
 
З чацвярга па пятніцу
Так, святы пачынаюцца акурат з чацвярга. Самыя галоўныя святы ў Каталіцкім Касцёле! Вечарам у кожнай парафіі цэлебруецца Імша Вячэры Пана на ўспамін сустрэчы Езуса з апосталамі ў Вячэрніку. Час успомніць
устанаўленне сакрамэнту, у якім Езус аддаў сябе нам як Хлеб жыцця. Пасля спеву гімна Хвала на Вышынях Богу да абвяшчэння радаснага Алелюя на Пасхальнай вігіліі ўсе званы ў храмах заціхаюць. Тыя, што звоняць ля алтара, выносяць на гарышча або хаваюць у шафу. Пачынаецца час маўчання і пакланення Езусу ў Цямніцы. Скінія застаецца пустой...
 
З пятніцы да суботы
Магчыма, вы чулі, што кожны святар павінен адпраўляць святую Імшу кожны дзень. Аднак у гэтым ёсць адно выключэнне. Менавіта гэты дзень. І не значыць, што святар не хацеў, але ў Вялікую пятніцу Эўхарыстыя проста не цэлебруецца. Аднак цэлебруецца Літургія Мукі Пана. 
У час, калі святары ляжаць крыжам і чытаюць Муку Пана з Евангелля паводле св. Яна, мы памятаем таямніцу крыжовай смерці Хрыста. Сабраныя вернікі пакланяюцца Езусу,  кленчачы і цалуючы крыж. Нягледзячы на тое, што святой Імшы ў гэты дзень няма, можна прыняць святую Камунію, якая была асвечана напярэдадні і захоўвалася ў Цямніцы. Нарэшце, Найсвяцейшы Сакрамэнт пераносіцца да Гроба Пана...
 
З суботы да Вялікадня
У Вялікую суботу адарацыя Езуса ў Гробе доўжыцца ўвесь дзень. Увечары пачынаецца Літургія Пасхальнай вігіліі. Гэта самая важная літургія ў Каталіцкім Касцёле. Яна займае шмат часу, але варта і нават патрэбна браць у ёй удзел. Яна пачынаецца з асвячэння агню перад святыняй. Затым ідзе разгорнутая літургія слова, якая складаецца з 8 чытанняў і Евангелля. Толькі ўрачыстае Алелюя перад Евангеллем абвяшчае Уваскрасенне. У касцёле звіняць званы. Пасля гаміліі аднаўляюцца абяцанні хросту. Напрыканцы ўрачыстай Эўхарыстыі адбываецца працэсія ўваскрасення. Услед за Хрыстом вернікі ідуць абвяшчаць свету радасную вестку аб перамозе Бога над смерцю.
Удзельнічаючы ў падзеях гэтых трох дзён, мы можам кожны раз нанова адкрываць таямніцу мукі і смерці Хрыста. Таму ўдзел у малітве павінен быць важным для кожнага католіка !!!
 
кс. Станіслаў Мжыглуд SDS