10 красавіка вернікі Каталіцкага Касцёла перажывалі Пальмовую нядзелю. Гэтым днём распачаўся Вялікі тыдзень перад урачыстасцю Уваскрасення Пана, які нагадвае важныя падзеі збаўлення чалавецтва.
 
Па традыцыі ў Вербную нядзелю асвячаюцца галінкі вербаў і пальмаў, а святая Імша на 11 гадзін распачынаецца працэсіяй вакол касцёла. 
 
"Езус Хрыстус наш заступнік і абаронца. Нават з крыжа ён не абвінавачвае тых, хто яго ўкрыжаваў, але са зразуменнем апраўдвае іх, сцвярджаючы, што яны не ўсведамляюць, што робяць, — адзначыў ксёндз Станіслаў у казанні. — Менавіта там, на Галгофе, ён стаў абаронцам грэшнікаў перад Айцом. І так ёсць па сённяшні дзень і так будзе да сканчэння свету. Пан Езус заўсёды з'яўляецца абаронцам грэшнікаў перад Айцом. Езус заступаецца за кожнага, хто каіцца і просіць прабачэнне. Але чаму мы гэтым не карыстаемся?"
 
Таксама ксёндз пробашч заахвоціў прысутных знайсці час на ўдзел у літургіях Вялікага тыдня. 
 
Фота Ірыны Гайдамовіч