Сакрамэнт намашчэння хворых з’яўляецца адным з сямі сакрамэнтаў Новага Запавету, які таксама ўстанавіў Езус Хрыстус. У Святым Пісанні чытаем: «Цяжка нехта з вас мучыцца? Няхай моліцца. Весела каму? Няхай псальмы спявае. Занядужаў хто з вас? Пакліч прэзбітараў Касцёла, і няхай памоляцца над ім, памазаўшы яго алеем у імя Пана, – і малітва веры вылечыць хворага, і Пан падыме яго; і калі ён грахі ўчыніў, будуць знятыя з яго. Прызнайцеся адзін перад адным у правінах і маліцеся адзін за аднаго, каб паздаравець; шмат можа шчырая малітва справядлівага» (пар. Як 5, 13-16).
Хто можа прымаць?
- Вернікі могуць прымаць гэты сакрамэнт тады, калі ім пагражае смерць з прычыны хваробы або старасці.
- Намашчэнне можна паўтарыць у той самай хваробе, калі стан хворага пагаршаецца.
- Гэты сакрамэнт можна ўдзяліць перад аперацыяй, калі прычынай аперацыі з’яўляецца небяспечная хвароба.
- Старэйшым асобам са слабым здароўем, можна ўдзяліць намашчэнне, нават калі няма яўнай небяспечнай хваробы.
- Гэты сакрамэнт удзяляецца таксама і хворым дзецям, нават у вельмі малым узросце (перад першай споведдзю і св. Камуніяй).
- Непрытомным або псіхічна хворым ён удзяляецца тады, калі ёсць падставы сцвярджаць, што як веруючы ён жадаў бы прыняць гэты сакрамэнт.
Новыя абрады з 1972 г. прадугледжваюць удзяленне сакрамэнту намашчэння групе вернікаў у шпіталях або у касцёле (н.п., у Міжнародны дзень хворых – 11 лютага). Звычайна сакрамэнт намашчэння хворых спалучаецца з удзяленнем сакрамэнту паяднання і св. Камуніі ў форме Віатыку (ад лац. via, што азначае дарога), як дапамогі, эўхарыстычнага пасілку ў дарозе да дому Айца.
Калі ў сям’і цяжка хворы?
Родныя, а часам і суседзі абавязаны па-хрысціянску паклапаціцца пра тое, каб хворы мог скарыстацца з дару святых сакрамэнтаў. Час хваробы, старасці, цярпення – гэта выпрабаванне нашай чалавечнасці і нашай веры. У гэты час мы асабліва чакаем Божай дапамогі, каб свядома і ў духу надпрыроднай веры і любові з’яднаць сваё цярпенне і смерць з цярпеннем Хрыста, каб цалкам з Ім удзельнічаць у змёртвыхпаўстанні і хвале.
Трэба звярнуцца да святара, перад альбо пасля св. Імшы, каб дамовіцца пра адведзіны. Калі стан хворага пагаршаецца, неабхожна як мага хутчэй паклікаць святара да хворага.
Калі святар прыйшоў?
У пакоі хворага трэба падрыхтаваць стол, засланы белым абрусам, на стале павінны быць крыж, дзве свечкі, асвячоная вада, крапіла, кавалачак ваты, шклянка звычайнай вады. Гаспадарам ці родным трэба выйсці насустрач святару, які ідзе са св. Камуніяй.
Усе павінны прымаць актыўны ўдзел у літургіі ўдзяляемых сакрамэнтаў, толькі на час споведзі ўсе выходзяць з пакою хворага.