Спавядальня (канфесіянал) ‒ гэта асаблівае месца ў святыні, у якім здзяйсняецца сакрамэнт пакаяння і паяднання. У нядзелю 20 студзеня пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд асвяціў новую спавядальню ў нашым касцёле.
 
Новая спавядальня выраблена з канадскага дуба ў гатычным стылі. Яна большая па памеры за ранейшую і мае дадатковыя сценкі, што забяспечвае пэнітэнту (асобе, якая спавядаецца) большую канфедэнцыйнасць падчас споведзі. Аўтарам спавядальні з’яўляецца майстар Андрэй Брынза, які ўжо змайстраваў для нашага касцёла крэслы для алтарнай часткі, а таксама вырабіў некаторыя прадметы з металу (падстаўку пад імшал і інш). Праца над спавядальняй заняла ў майстра каля года (з перапынкамі на іншую працу). На спавядальні змешчаны выявы шасці апосталаў, выкананыя ў візантыйскім стылі. Выявы іншых апосталаў будуць на другой спавядальні, праца над якой ужо распачата. 
 
У першым нумары газеты «Наша парафія» Андрэй Брынза распавядаў, што майстэрству разьбы па дрэве навучыўся сам і дзякуе Богу за гэты талент: «Пачынаў вучобу з майстравання розных рэчаў, а пазней  даручылі  выразаць з дрэва іконы, нават шмат’ярусны іканастас у царкве. Гэтак і пачалося. Люблю гэтую працу з сакральнымі рэчамі. Працуючы, адчуваеш, што быццам молішся, і сама думка, што раблю не для чалавека, а для Божых справаў, дае жаданне і сілы», ‒ падзяліўся майстар.
 
Ранейшая спавядальня з нашага касцёла знойдзе сваё месца ва урбанскай святыні. 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч