Гэтае пытанне вернікі парафіі накіравалі да рэдакцыі парафіяльнай газеты. Адказ на яго можна было знайсці ў сёмым нумары выдання, а цяпер змяшчаем і на нашым сайце. Адказвае сястра Іна Амельчанка SJE.
 
Біблія – гэта асаблівая кніга, гэта Слова Бога, запісанае натхнёнымі аўтарамі, месца сустрэчы з Найсвяцейшай Тройцай.  Таму чытаць Біблію – не тое самае, што чытаць дэтэктыў ці рамантычную аповесць, нават калі некаторыя біблійныя сюжэты вельмі нагадваюць творы сучаснай літаратуры і кінематографа. Чытанне Святога Пісання, перадусім, дапамагае зразумець і паглыбіць нашу веру, якая не можа быць «сляпой», але разумнай і свабоднай.
 

Старажытныя хрысціяне распрацавалі метад чытання Бібліі, які назвалі lectio divina, іначай: пабожнае чытанне. Гэты метад складаецца з некалькіх этапаў:

  • lectio, ці ўважлівае, поўнае пашаны і любові, прачытанне фрагменту Пісання. Не старайцеся прачытаць як мага больш. Наадварот – трэба чытаць вельмі пранікліва, усім сабой «пранікаючы» Слова. Для гэтага, канешне, трэба выбраць час і месца, каб нішто не адцягвала ўвагу;
  • meditatio, г.зн. падчас паўторнага чытання, якое можа быць шматразовым, задзейнічаць зрок, слых, нюх, дотык, уяўленне – апыніцеся «ўсярэдзіне» выбранага фрагменту Бібліі (штосьці падобнае да прагляду фільмаў у фармаце 3D, 4D і дтп.). Мёртвая літара павінна стаць жывым словам. (пар. Гбр 4, 12: «Жывое слова Божае і дзейснае»);
  • oratio, ці малітва. Душэўная размова з Богам, Марыяй ці біблійнымі постацямі, пра якіх прачыталі. Гэта могуць быць уласныя словы ці парафразы з прачытаных урыўкаў, напрыклад: «Вось я слуга Панская», ці «Ты ведаеш, Пане, што я люблю Цябе»;
  • contemplatio, трыванне у праслаўленні Божай Мудрасці, якая аб’явілася ў Святым Пісанні.
Калі вы яшчэ не чыталі Біблію, пачынаць трэба з Новага Запавету. Спачатку Евангелле ад Лукі, потым – ад Мацвея, потым – ад Марка. Пасля – Дзеі Апосталаў і Пасланні Апосталаў Якуба, Пётра, Юды і Паўла. Потым – Стары Запавет, Пасланне да Габрэяў, Евангеллле ад святога Яна, Пасланні святога Яна і Апакаліпсіс.