11 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае Сусветны дзень хворых. З гэтай нагоды ў святынях удзяляецца сакрамэнт намашчэння хворых. Прапануем узгадаць сутнасць гэтага сакрамэнту разам з пробашчам парафіі ксяндзом Станіславам Мжыглудам SDS.
 
Сутнасць сакрамэнту намашчэння хворых
Неабходна пачаць з таго, што сакрамэнт намашчэння хворых, як і ўсе сакрамэнты, устанавіў Езус Хрыстус, наш Бог. Калі Хрыстус прыйшоў у гэты свет, то прыйшоў, каб лячыць усяго чалавека: яго душу і яго цела. Таму Ён аздараўляў хворых, спачуваў іх цярпенням, але і патрабаваў ад людзей веры, каб вылечыць іх душу ці цела. Потым Пан Езус пасылаў сваіх апосталаў, каб ішлі і аздараўлялі людзей. Напрыклад у Евангеллі паводле святога Мацвея, можам прачытаць словы: «Аздараўляйце хворых, ачышчайце пракажоных, уваскрашайце памерлых, выганяйце злых духаў». І апосталы ішлі, заклікалі людзей да пакаяння, выганялі злых духаў, а таксама многіх хворых намашчалі алеем і аздараўлялі. І так ёсць па сённяшні дзень. 
Вынікі асаблівай ласкі сакрамэнту намашчэння хворых наступныя: кожны, хто прымае гэты сакрамэнт, злучаецца з Мукай Хрыста дзеля яго ўласнага дабра і дзеля дабра ўсяго Касцёла; кожны, хто прымае гэты сакрамэнт, атрымлівае спакой, узмацненне і мужнасць, каб па-хрысціянску прымаць цярпенні, хваробы або мукі. Таксама праз сакрамэнт намашчэння хворых чалавек атрымлівае адпушчэнне грахоў, калі хворы не мог атрымаць яго праз сакрамэнт пакаяння (калі праз хваробу чалавек не можа размаўляць). І, канешне, сакрамэнт намашчэння хворых вяртае здароўе, калі гэта служыць духоўнаму дабру пакутуючага. І галоўнае ‒ гэты сакрамэнт рыхтуе нас да пераходу ў вечнае жыццё. 
Сакрамэнт намашчэння хворых ‒ гэта вялікая ласка для хворага чалавека, таму не трэба яго пазбягаць. Пан Бог добры і жадае нам толькі дабра, таму варта з гэтай ласкі карыстацца.
 
Як адбываецца сакрамэнт намашчэння хворых?
 
Сакрамэнт удзяляецца ў доме хворага
 
Першым этапам, канешне, калі гэта магчыма, павінен быць сакрамэнт споведзі. Калі чалавек атрымае прабачэнне грахоў, святар ускладвае рукі на галаву хворага і намашчае святым алеем яго чало і рукі і кажа такія словы: «Праз гэтае святое намашчэнне і сваю бясконцую міласэрнасць няхай Пан умацуе цябе ласкаю Духа Святога». «Амэн». «Няхай Пан вызваліць цябе ад грахоў, уратуе і міласціва падтрымае». «Амэн».
Пасля таго, як хворы прыступіць да святой Камуніі, святар удзяляе спецыяльнае благаслаўленне.
 
Сакрамэнт удзяляецца ў касцёле (у Сусветны дзень хворых ці падчас велікапосных рэкалекцый)
Сакрамэнт удзяляецца напрыканцы святой Імшы.
 
Хто можа скарыстацца з гэтага сакрамэнту?
 
Адказ на гэтае пытанне дае Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, дзе адзначаецца: «адпаведны момант для гэтага сакрамэнту ўзнікае тады, калі верніку пагражае смерць з прычыны хваробы або старасці». 
Езус Хрыстус прыходзіць з асаблівай ласкай на дапамогу тым, хто знаходзіцца ў стане цяжкай, небяспечнай для жыцця хваробы, таксама перад аперацыяй. У двух словах можна сказаць, што сакрамэнт ‒ для састарэлых і цяжка хворых асоб. 
 
Колькі разоў можна прымаць сакрамэнт намашчэння хворых?
 
Канешне, нельга канкрэтна сказаць, колькі разоў можна прыняць сакрамэнт намашчэння хворых. Усё залежыць ад стану чалавека, яго здароўя. У старасці, зразумела, можна час ад часу прымаць гэты сакрамэнт, бо старасць заўсёды вядзе да смерці. Тое самае, калі чалавек жыве з цяжкай хваробай ці прыкуты да ложка. Варта карыстацца, калі сакрамэнт удзяляецца ў касцёле, а для тых, хто не можа хадзіць, заўсёды, калі запрашаеце святара на споведзь.
 
Што неабходна падрыхтаваць, калі сакрамэнт удзяляецца ў доме хворага?
 
У пакоі, дзе знаходзіцца хворы, неабходна падрыхтаваць стол, накрыты белым абрусам, паставіць крыж, пажадана дзве свечкі, паставіць асвячоную ваду, пакласці кавалак ваты на сподак (каб святар мог выцерці пальцы пасля намашчэння алеем), шклянку з вадой і маленькай лыжкай (на выпадак, калі хворы не можа добра праглынуць святую Камунію, каб мог запіць).
 
Заўвагі пробашча
 
У мяне часта пытаюцца: калі запрасіць святара з сакрамэнтам намашчэння хворых? На справе бывае так, што святара запрашаюць тады, калі хворы ўжо ў такім стане, што з ім няма кантакту, калі амаль памірае. Не трэба чакаць такога моманту, варта запрашаць святара, калі хворы яшчэ ў свядомасці, бо гэта сакрамэнт жывых, а не памерлых. Некаторыя кажуць «апошняе» намашчэнне і таму, напэўна, не правільна разумеюць яго сутнасць, бо чакаюць моманту смерці, чакаюць да апошняй хвіліны. Не так гэта павінна быць. Калі чалавек хворы ляжыць дома год, два, ‒ чаму не запрасіць святара?! Гэта ‒ сакрамэнт узмацнення хворых у хваробе. Ён патрэбен не толькі хворым, але і іх блізкім, каб супольна перажываць праўду пра тое, што чалавек пакліканы да жыцця з Богам, да вечнага жыцця. І Касцёл нас вучыць, што гэта сакрамэнт аздараўлення. Варта карыстацца гэтай ласкай.
Па ўсіх пытаннях заўсёды можна звяртацца да святароў у сакрыстыю касцёла.
Запісала Святлана Жылевіч