Ці пост абавязвае дзяцей? Ці неабходна прымушаць дзіця спавядацца? З такімі пытаннямі звярнуліся вернікі ў рэдакцыю парафіяльнай газеты. Адказ на іх у восьмым нумары выдання дала сястра Ганна Мізавец SJE. Змяшчаем адказы і на нашым сайце.
 
Ці пост абавязвае дзяцей?
 
Пад словам пост мы звычайна разумеем не толькі абмежаванне колькасці ежы, але і ўстрыманне ад некаторых відаў ежы (мяса ці жывёльных прадуктаў), а таксама ўхіленне ад розных забаваў і да т. п. Каноны Кодэксу кананічнага права, прынятага ў 1983 годзе, акрэсліваюць правілы посту і ўстрымання. Трэба адрозніваць пост і ўстрыманне.
  • Пост — гэта абмежаванне колькасці пасілкаў (мы гаворым, што ў пост дазваляецца з’есці адзін раз у дзень дасыта).
  • Устрыманне — гэта абмежаванне нейкага віду ежы (у нашым выпадку гаворым аб устрыманні ад мясных страваў). Паводле кананічнага права пост абавязвае людзей ад 18-і да 60-і гадоў жыцця, а ўстрыманне — ад 14-і гадоў жыцця. Устрыманне абавязвае кожную пятніцу на працягу года, калі на гэты дзень не прыпадае ўрачыстасць, а пост і ўстрыманне абавязваюць нас у Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу.
 
Аднак і малых дзяцей трэба паступова прывучаць да посту, так, каб яны пачалі ўсведамляць яго сэнс. Пост дзяцей вельмі моцна адрозніваецца ад паста дарослых. Маленькіх дзяцей нагружаць сур'ёзнымі пастамі было б нават і небяспечна, таму што дзеці развіваюцца, і іх пост павінен быць у ежы самым нязначным. Гэта значыць павінны быць проста асобныя элементы паста. Для дзяцей ён пачынаецца з абмежавання ў ежы. Напрыклад можна адмаўляцца ад слодычаў і шкодных прадуктаў.
 
Ці трэба змушаць дзіця хадзіць да споведзі?
 
Прымушаць дзіця хадзіць да споведзі нельга, споведзь павінна быць дабравольнай, шчырай. Калі дзіця адмаўляецца ісці да сакрамэнту пакаяння, паспрабуйце часцей з ім размаўляць, не асуджаючы яго. Будзьце станоўчымі і бескампраміснымі ў Божых справах, але адначасова зразумелымі і цярплівымі у адносінах да дзіцяці. Варта спакойна нагадаць, што такое споведзь, падкрэсліўшы, што грахі на споведзі яны расказваюць самому Богу праз святара. Растлумачыць, што споведзь ‒ гэта справа любові і збаўлення, а не кара, і калі нішто не перашкаджае нам, мы павінны прыступаць да споведзі і прыймаць святую Камунію як мага часцей. Дзіця павінна ведаць, што Бог любіць яго бескарысна, незалежна ад таго, ці добра ці дрэнна яно паступае.
Дзіця павінна зразумець сэнс споведзі, а таксама бачыць ваш ўласны прыклад і плады, якая яна прыносіць у вашым жыцці. Таму варта задаць сабе пытанні: як я працую над сабой? Ці маю жаль за грахі і пастанову паправіцца? Што змянілася ад маёй апошняй споведзі? Які ўплыў на маё жыццё мае споведзь?