25 сакавіка Каталіцкі Касцёл святкуе ўрачыстасць Звеставання Пана, узгадваючы той дзень, калі Марыі аб’явіўся Анёл Габрыэль і абвесціў ёй, што стане Божай Маці. У гэты дзень адзначаецца таксама Дзень святасці жыцця як напамін пра тое, што людское жыццё пачынаецца з моманту зачацця. А ў інтэнцыі дзяцей, якім пагражае аборт, распачынаецца малітоўная акцыя Духоўнага ўсынаўлення.
 
У гэты дзень усе жадаючыя вернікі бяруць на сябе абавязак штодня напрацягу дзевяці месяцаў (да ўрачыстасці Божага нараджэння) маліцца за адно дзіця, якому пагражае аборт, (і імя якога ведае толькі Бог) і яго бацькоў. Касцёл верыць, што праз гэтую малітву атрымаецца ўратаваць адно жыццё ад аборту. У Беларусі штогод робіцца каля 25 тысяч абортаў.
Малітва ўключае ў сябе адну на выбар таямніцу Ружанца і спецыяльную малітву. У інтэнцыі захавання жыцця дзіцяці можна дадаткова па жаданні ахвяроўваць добрыя ўчынкі, пост, дабрачынную дзейнасць ці іншыя малітвы. Аб сваім жаданні прыняцця пастановы духоўнага ўсынаўлення неабходна паведаміць у сакрыстыі нашага касцёла, дзе вам выдадуць абразок з малітвай. 
 
Рух Духоўнага ўсынаўлення ўзнік у Касцёле адразу ж пасля аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме ў 1917 г. Ён стаў адказам на заклік Багародзіцы да малітвы Ружанца, пакаяння і кампенсацыі за грахі, якія найбольш раняць Яе Беззаганнае Сэрца. У Касцёле на Беларусі гэты рух пачаў развівацца пасля заканчэння савецкага пераследу веры і штогод набірае ўсё больш паслядоўнікаў.
 
Да ўдзелу ў гэтай ініцыятцыве заклікаюць вернікаў і каталіцкія біскупы Беларусі.
 
Падрыхтавала
Святлана Жылевіч