Святая вада, медальёны, асвечаны абраз, соль. Многія лічаць іх свайго роду «хрысціянскімі амулетамі». Між тым, гэта знакі, устаноўленыя Касцёлам, якія павінны дапамагчы нам асвяціць нашае штодзённае жыццё. Варта ведаць іх значэнне і моц.
Асвечаная рэч уяўляе сабой знак, які ўказвае на крыніцу ўсяго святога - Бога. Асвячэнне служыць для таго, каб ажывіць нашу памяць пра Божую прысутнасць або прысутнасць святых. Гэта таксама выраз дару, абароны і блаславення, і ўсе гэтыя ўласцівасці асвечаная рэч атрымлівае у залежнасці ад веры і набожнасці таго, хто просіць аб іх і для гэтага звяртаецца да пасрэдніцтва Касцёла: такім чынам, малітвамі Касцёла вернік атрымлівае абарону, благаслаўленне і міласці аб якіх просіць.
Часам кажуць пра асаблівую моц, якой надзелены асвечаныя рэчы. Звернемся да Новага Запавету: «Бог рабіў надзвычайныя цуды рукамі Паўла, так што на хворых ускладвалі хусткі і паясы з яго цела, і хваробы пакідалі іх, і злыя духі выходзілі з іх» (Дз. 19,11-12). Калі святар просіць благаслаўленне якога-небудзь святога на пэўную рэч, ён просіць моцы і ўлады Езуса Хрыста, які дзейнічаў у гэтым святым, як гэта адбывалася з вернікамі з Эфеса.
Асвячэнне рэлігійных рэчаў не мае нічога агульнага з фетышызмам. Фетышысты лічаць, што рэч сама па сабе валодае адмысловымі чароўнымі ўласцівасцямі. Фетышызм ‒ форма забабонаў, якая мяжуе з ідалапаклонствам. У той час, як асвечаная святаром рэлігійная рэч адсылае да моцы Езуса Хрыста, якая дзейнічае праз яго. Праз гэтыя прадметы вернік атрымлівае плёны малітвы Касцёла. Асвечаныя рэчы адносяцца да так званых САКРАМЭНТАЛІЙ. 
Сакрамэнталіі ‒ гэта знакі, устаноўленыя Касцёлам, якія служаць для асвячэння нашага штодзённага жыцця. Яны з'яўляюцца свайго роду «працягам» сакрамэнтаў, у якіх мы атрымліваем Божую ласку. Сакрамэнталіі не даюць непасрэдна ласку Духа Святога, як сакрамэнты, але робяць нас здольнымі адкрыцца на яе і жыць гэтым кожны дзень.
Такім чынам, сакрамэнты дзейничаюць сілай самога Хрыста, а сакрамэнталіі дзейнічаюць моцай малітвы Касцёла. Існуе вялікая колькасць розных сакрамэнталій, якія як святы Тамаш Аквінскі можам падзяліць на:
  • Пасвячэнні. Яны вар'іруюцца ад пасвячэння касцёльнага будынку да пасвячэння дробных рэчаў быту.
  • Благаслаўленні (блаславенне ежы ў Вялікую суботу).
  • Экзарцызмы.
  • Манаскія абрады.
  • Хрысціянскае пахаванне.
  • Іншыя святыя знакі, у тым ліку матэрыяльныя знакі, такія як крыжы, медальёны.
 
С. Ганна Мізавец SJЕ,
«Наша парафія» №9