У чацвёртую велікодную нядзелю, якая ў Каталіцкім Касцёле называецца нядзеляй Добрага Пастыра, у нашай парафііі адбылося свята Першай святой Камуніі. 55 дзяцей упершыню прыступілі да сакрамэнту споведзі і ўпершыню прынялі Хрыста ў сваё сэрца ў постаці хлеба.
 
На пачатку Імшы бацькі благаславілі сваіх дзяцей і ў працэсіі зайшлі з імі ў святыню. Паабапал алтара былі змешчаны выявы анёлаў з надпісамі імёнаў дзяцей. Сапраўды, у гэты момант, дзеці нагадвалі анёлаў у белым убранні і хацелася верыць, што яны змогуць усё жыццё заставацца чыстымі ў паводзінах і памкненнях.
 
Пробашч парафіі ксёндз Станіслаў заахвоціў прысутных маліцца ў інтэнцыі гэтых дзяцей, каб яны ўсё сваё жыццё карысталіся з дару Эўхарыстыі, узрасталі ў веры і былі добрымі хрысціянамі. 
«Падчас гэтай святой Імшы будзем дзякаваць Богу за Яго міласэрнасць і любоў, за тое, што дазволіў, каб гэтыя дзеці маглі сёння карміцца Яго целам, каб маглі прыступаць да столу Эўхарыстыі», ‒ адзначыў святар.
 
«Мае дарагія дзеці! Сёння вы атрымаеце самы каштоўны падарунак, якія можа ў гэтым свеце атрымаць веруючы чалавек. Гэта ‒ Цела Езуса Хрыста  ў святой Камуніі. Таму самае галоўнае, каб сёння, калі будзеце прымаць Яго, у сваім сэрцы сказалі: Пане Езу, я веру ў Цябе, і веру, што ў гэтым кавалку хлеба Ты ёсць. Ты ‒ мой Бог. Гэта важна: каб вы свядома і шчыра прынялі Бога ў сваё сэрца», ‒ падкрэсліў ксёндз Станіслаў і заахвоціў дзяцей дзякаваць бацькам і ўсім людзям, якія дапамаглі ім падрыхтаваццца да гэтага моманту. 
 
Напрыканцы Імшы ксёндз асвяціў хлеб, які дзеці павінны былі занесці дадому, каб падзяліцца ім з роднымі перад святочным абедам. А з панядзелка распачнецца так званы «белы тыдзень» – да наступнай нядзелі дзеці будуць удзельнічаць у вячэрніх святых Імшах у святочным убранні. 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Алена Каспаровіч