На працягу некалькі гадоў сёстры эўхарысткі ў Браславе апякуюцца дарослымі з Цэнтра дзённага знаходжання інвалідаў, што пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ужо другі год штотыднёвыя сустрэчы на духоўныя тэмы для такіх асоб праводзіць сястра Кацярына Папакуль SJE. А на мінулым тыдні яна арганізавала своеасаблівыя рэкалекцыі для іх з наведваннем святыняў у Відзах, Далёкіх і Опсе.
Двухдзённая паездка была напоўнена не толькі экскурсіямі па касцёлах і наведваннем сядзібы Плятэраў у Опсе, але мела і багатую малітоўную праграму. Спачатку браслаўчане наведалі касцёл у Відзах, а затым накіраваліся ў парафію ў Далёкіх, дзе ў іх быў абед, святая Імша, вечаровыя размовы пры вогнішчы і прагляд фільма, які вучыў радавацца кожнаму дню, нягледзячы на цяжкасці. Наступны дзень распачаўся таксама з малітвы, была і праца ў групах, накіраваная на развіццё адказнасці за сябе і іншых, а таксама Крыжовы шлях, які правёў ксёндз Андрэй Бочар. У разважаннях крыжовай мукі Хрыста святар заклікаў людзей з асаблівасцямі развіцця зразумець, што нават калі яны нічога не могуць зрабіць фізічна, то могуць маліцца. Бо іх малітва, малітва церпячых людзей, вельмі дапамагае іншым.
 
«На нашых сустрэчах мы пазнаём тое,чаму вучыў Езус. Мы часта чытаем Божае слова і вучымся прымяняць яго ў жыцці, у канкрэтных сітуацыях, ‒ падзялілася з намі сястра Кацярына. ‒ Вучу іх бачыць у кожным чалавеку Езуса. Каб разумець, што калі крыўдзім кагосьці, то крыўдзім Езуса, калі пляткарым, то кажам напраўду пра Езуса. А калі іншаму скажам добрае слова ці ўсміхнёмся, то таксама робім гэта самому Богу. У гэтыя дні для іх была таксама магчымасць вучыцца размаўляць з Богам падчас выстаўлення Найсвяцейшага Сакрамэнту і атрымаць дар прабачэння і аднаўлення ў сакрамэнце споведзі».
 
«Цэнтр дзённага знаходжання інвалідаў шмат робіць для такіх асоб, яны адчуваюць сябе патрэбнымі. А я падкрэсліваю ім, што іх малітва вельмі патрэбна іншым, і праз яе шмат могуць зрабіць», ‒ дадала сястра.
 
У рэкалекцыях прынялі ўдзел 10 чалавек. Сярод іх не толькі католікі, але і асобы іншых канфесій.
Святлана Жылевіч