У аўторак 28 мая наша парафія разам з ксяндзом Адамам перажывала юбілей 25-годдзя прыняцця яго ў святарскі стан. Падчас святой Імшы вернікі маліліся ў інтэнцыі святара, а напрыканцы літургіі віншавалі яго з такой важнай датай.
 
Ксёндз Адам Квяткоўскі SDS нарадзіўся ў цудоўны дзень Божага Нараджэння ‒ 25 снежня 1967 года ў польскім горадзе Глушыца, што непадалёку ад Чэхіі. Бацькі ‒ Ядзвіга і Мечыслаў ‒ працавалі на заводзе па вытворчасці бавоўны і прывілі сыну і дачцэ Рэнаце веру ў Бога.
Пасля заканчэння базавай школы Адам Квяткоўскі вучыўся 5 гадоў у тэхнікуме на энергетыка. А ў 1987 годзе паступіў у навіцыят сальватарыянаў. А праз год, пасля складання манскіх абяцанняў, распачаў вучобу ў Вышэйшай духоўнай семінарыі сальватарыянаў у Багне. 
 
Адным з першых важных момантаў духоўнага сталення ксёндз Адам называе сваю Першую святую Камунію, якую перажыў вельмі глыбока. «Пасля мама прывяла мяне да алтара, каб быў міністрантам. І гэта адкрыла мне асобу святара, яго паслугу», ‒ распавядае ксёндз.
 
Як узгадвае святар, праз некалькі гадоў у іх родную парафію прыехалі ксяндзы сальватарыяне, запрашаючы юнакоў на рэкалекцыі. На гэтыя рэкалекцыі збіраўся таксама прыяцель ксяндза Адама, таму і ён адважыўся паехаць. Напрацягу некалькі гадоў ксёндз Адам удзельнічаў у такіх рэкалекцыях, якія і дапамаглі яму распазнаць сваё пакліканне да святарства. Але пэўны час яшчэ раздумваў: ісці ў дыяцэзіяльную семінарыю ці ўступіць у закон сальватарыянаў. На апошнім курсе вучобы ў тэхнікуме ў Вялікі Чацвер быў арганізаваны дзень духоўнага засяроджання для хлопцаў. І гэта быў дзень, калі будучы святар адчуў жаданне стаць сальватарыянінам. Пасля яшчэ раіўся з пробашчам, але той адказаў, што гэта яго ўласны выбар, і ён не будзе супраць таго, калі ксёндз Адам стане законнікам. 
 
Пэўны час рэктарам семінарыі з’яўляўся кс. Стэфан Прэкурат ‒ першы пробашч сальватарыянін нашай парафіі. Таму семінарыст Адам добра яго ведаў і з радасцю адказаў на запрашэнне прыехаць на Велікодныя святы ў Браслаў, каб дапамагаць святару ў яго паслузе.
 
«Асобу ксяндза Стэфана Прэкурата маю глыбока ў сэрцы, ‒ дзеліцца з намі ксёндз Адам. ‒ Калі памёр мой бацька, я быў на першы курсе семінарыі. Ксёндз Стэфан, будучы рэктарам, прыехаў на пахаванне. Гэта было незвычайным для мяне, што сам рэктар прыехаў, і было добрай падтрымкай. Маю да яго вялікую павагу, і калі бываю ў Кракаве, дзе ён пахаваны, заўсёды наведваю яго могілкі».
 
З першага прыезду ў Браслаў ксёндз Адам добра запомніў сваё замілаванне возерам Дрывяты, памятае вялікую колькасць вернікаў у Вербную нядзелю 1993 года, а таксама адзначае, што яму вельмі падабалася, калі перад Імшой вернікі спявалі ружанцовую малітву. 
 
28 мая 1994 года ксёндз Адам прыняў святарскае пасвячэнне. Пасля працаваў у Тшэбніцы, Кшыжы Велькапольскім і Тшэбіні. Пасля пасвячэння правінцыял сальватарыянаў казаў ксяндзу Адаму, што ён яшчэ занадта малады, каб ехаць працаваць у Беларусь, таму ён прабыў тут толькі месяц. А ў 1997 годзе, пасля смерці ксяндза Стэфана, таксама яшчэ не надыйшоў час. 
Працаваць у Браслаў  ксёндз Адам прыехаў 16 жніўня 2006 года. З 2013 па 2016 год святар быў пробашчам у віцебскай парафіі Святога Духа. З 2016 года па сённяшні дзень нясе сваё служэнне пры санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Ксёндз Адам шмат часу прысвячае малітве і душпастырству хворых і самотных людзей.
 
«Жыццё адкрывае мне сутнасць маёй святарствай паслугі: на пачатку святарства займаўся з дзецьмі, з міністрантамі, пазней Бог паказаў неабходнасць дапамогі хворым і церпячым. Лічу, што святар павінен быць блізкім другому чалавеку, быць даступным на просьбы іншых людзей аб сакрамэнтальнай паслузе. Святар павінен маліцца разам з людзьмі», ‒ разважае ксёндз Адам Квяткоўскі.
 
На пытанне аб тым, што для яго азначае быць святаром, ксёндз Адам кажа: «быць блізка Хрысту ў малітве і ў жыцці, таму што без гэтага святарская паслуга з’яўляецца толькі выкананнем абавязкаў як духоўнага чыноўніка».
 
«Напэўна святар павінен часта карыстацца з сакрамэнту пакуты і паяднання, ‒ працягвае кс. Адам. ‒ Адкрываючы Божую міласэрнасць у адносінах да сябе, святар будзе разумець патрэбу быць даступным для іншага чалавека, які хоча паяднацца з Богам. Быць святаром таксама азначае адараваць Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Адараваць Таго, які мяне паклікаў да ўдзелу ў Сваім святарстве. Нейкі час таму назад Бог адкрыў мне моц святарскага благаслаўлення. Святар ‒ гэта чалавек, які ў імя Хрыста благаслаўляе іншага. Я сам часта прашу ў іншых святароў благаслаўлення і заахвочваю вернікаў прасіць святароў аб удзяленні ім благаслаўлення».
 
Віншуючы ксяндза Адама Квяткоўскага з 25-годдзем святарства,
дзякуем яму за адданае служэнне бліжнім і прыгожы прыклад шчырай малітвы.
Няхай Бог благаславіць Вас ва ўсіх добрых справах і сцеражэ ад усялякага зла на святарскім шляху!
 
Тэкст: Святлана Жылевіч 
Фота: Ірына Гайдамовіч