Сёлета ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адзначаецца 20 чэрвеня. Перад вячэрняй святой Імшой у нашай парафіі адбылася працэсія каля чатырох алтароў вакол касцёла.
 
«Дарагія браты і сёстры! Гэта любоў да нас учыніла, што Езус прыйшоў на зямлю, радаваўся з радаснымі і плакаў з тымі, хто плача, ‒ разважаў у гамілі ксёндз пробашч Станіслаў Мжыглуд SDS. ‒ Гэта любоў да нас учыніла, што Хрыстус памёр на крыжы, каб нас збавіць. Аднак, на гэтым любоў Бога да чалавека не скончылася. Каб адарыць усіх сваім Боскім жыццём, Хрыстус утаіў сваё Цела і Кроў, захаваў сваю сутнасць у бачных знаках хлеба і віна. І сёння мы ўзгадваем і святкуем з радасцю гэтую таямніцу. Кожны, хто любіць, жадае дабра той асобе, якую любіць. Доказам таго, што Хрыстус любіць усіх яго вызнаўцаў, з’яўляецца прыклад з сённяшняга Евангелля. Калі Ён цудоўным чынам размнажае хлеб (…). Праз гэта Езус хоча сказаць, што так як можа наталіць фізічны голад, так Ён можа наталіць голад душы. Праз размнажэнне хлеба на пустыні Хрыстус рыхтаваў сваіх слухачоў і паслядоўнікаў да таго, што мела адбыцца ў вячэрніку падчас Апошняй вячэры».
 
«Магчыма, у нас бываюць моманты, калі мы губляем веру ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі. Сённяшняе свята ‒ гэта добрая нагода, каб яшчэ раз аднавіць нашу веру. Бог сапраўды ёсць сярод нас. Ён прыходзіць нас благаславіць, ‒ падкрэсліў пробашч. ‒ Заахвочваю часцей дзякаваць Богу за дар Эўхарыстыі і часцей з яго карыстацца, каб мы жылі вечна, як нам паабяцаў сам Езус Хрыстус». 
 
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч