Алкагалізм – гэта, часцей за  ўсё, сямейная хвароба. І для таго каб дапамагчы алкаголіку, яго хатнія і сябры павінны ведаць і разумець адну ключавую ісціну, якая заключаецца ў тым, што для залежнага чалавека нічога нельга зрабіць, пакуль ён сам не захоча вызвалення. Іншых варыянтаў дапамагчы яму няма! У сувязі з гэтым уся дзейнасць сваякоў і родных павінна зводзіцца да развіцця ў алкаголіка матывацыі на вызваленне.
Малітва ў дадзеным выпадку з'яўляецца вельмі важным фактарам будучага выздараўлення. Аднак, перш чым маліцца Богу за алкаголіка, трэба, падумаць аб тым, у якіх адносінах з Богам знаходзіцеся вы самі. Сам Бог у Бібліі кажа: «Хто ўхіляе вуха сваё, каб ня слухаць закону, у таго і малітва - мярзота» (Пр. 28: 9). Іншымі словамі, калі чалавек хоча толькі атрымліваць ад Бога, але пры гэтым сур'ёзна не задумваецца аб адпаведнасці свайго жыцця Боскім стандартам, то існуе высокая верагоднасць, што яго малітва не будзе пачутая. Маліцеся не толькі індывідуальна, але ўсёй сям'ёй. Сямейная малітва аб'ядноўвае і дае кожнаму з іх эмацыйную і духоўную падтрымку. 
Сям'і трэба стварыць такія ўмовы, каб залежнаму ад алкаголя захацелася лячыцца і змяняцца. Аднак часта алкаголік у сям'і становіцца цэнтрам сусвету, пупам зямлі, вакол якога ўсе павінны вярцецца, дагаджаць, выконваць яго жаданні і капрызы. Маці ці жонка алкаголіка стараецца, як яна думае, дапамагчы хвораму, кантралюе кожны яго крок, агароджвае ад кантакту з сябрамі, знаёмымі, рыхтуе яму абед, займаецца праннем, прыбірае за ім і  ператвараецца ў слугу, цалкам забываючы пра іншых членаў сям'і і аб самой сабе. Праблема заключаецца ў тым, што калі алкаголіка трэба лячыць ад алкагалізму, то яго хатніх ‒ ад ілжывага і згубнага для алкаголіка псеўдаклопату ‒ клопату пра яго дабрабыт.
Выкарыстоўвайце «жалезныя» правілы. Алкаголіку пагражаць бессэнсоўна. Выцягваць з іх абяцанні ‒ глупства, паколькі ён залежны ад алкаголю і сам сабе не гаспадар. Аднак калі, знаходзячыся ў цвярозым стане, алкаголік сам дае абяцанне, то трэба зрабіць усё, каб абяцанне было выканана. 
Абараняйце не інтарэсы алкаголіка, а свае ўласныя. Паглынуты сваім запалам алкаголік становіцца вельмі хітрым. Ён гатовы на любую хлусню, толькі б атрымаць магчымасць піць. Таму ні ў якім разе не дазваляйце яму перахітрыць вас. Калі гэта будзе адбывацца, ён перастане паважаць вас і пачне эксплуатаваць і карыстацца вамі. 
Не рабіце за алкаголіка тое, што ён павінен рабіць сам. З-за п'янства мужоў жанчынам часта даводзіцца працаваць, каб пракарміць сябе і дзяцей. У гэтых выпадках ім даводзіцца браць на сябе ўсю адказнасць у доме, пры гэтым яны часта нічога не патрабуюць узамен ад сваіх мужоў. Так, алкаголіку цяжка знайсці працу ці ўтрымацца на ёй. Ён часта пераходзіць з аднаго месца на іншае ці ўвогуле не працуе, паколькі проста забыўся, што значыць працаваць кожны дзень. Аднак ён можа ўзяць на сябе частку абавязкаў па хаце. У сувязі з гэтым у тыя моманты, калі ён бывае цвярозым, трэба абавязкова пагаварыць з ім пра хатнія патрэбы, але не як сварлівая, а як кахаючая жонка, верачы, што муж па-ранейшаму гаспадар сям'і. Паспрабуйце, пераканаеце яго ўзяць на сябе частку абавязкаў.
Хрысціянская вера можа быць краевугольным каменем змены жыцця алкаголіка. Ён мае патрэбу ў гэтым! Аднак, размаўляючы з алкаголікам пра Бога і веру ў Яго, неабходна рабіць гэта разумна. Трэба таксама памятаць, што Бог дапамагае праз чалавека. Пакажыце яму, што Бог дапамагае праз вас. Калі ён паверыць у вашую дапамогу, гэта ўжо шмат. 
Кантактуйце з алкаголікам. Трэба памятаць, што, як бы чалавек ні апусціўся, ён усё роўна валодае велізарнай каштоўнасцю і велізарным патэнцыялам у Богу. Ён мае патрэбу ў разуменні, сардэчнасці. Падумайце, якія словы вы выкарыстоўваеце ў адносінах да залежнага чалавека. П’янства – гэта сур’ёзная праблема і калі мы хочам дапамагчы, то першай умовай з’яўляецца падыход да яго з шацункам. Часта алкаголікі ўвогуле не могуць выйсці з залежнасці, таму што да іх адносяцца як да пракажоных, яны не толькі ізаляваныя, але акружаныя пагардай, пераўвялічаным страхам. Чаму алкаголікі так часта не жадаюць лячыцца? Таму што людзі, якія прапануюць лячэнне, часта недаступныя, не праяўляюць пашаны, і гэта стварае паміж імі сцяну. Таму не хапае смеласці прыняць важнае рашэнне. Калі яны сустрэнуць асобу, якая бачыць і паважае ў ім чалавека, яны гатовыя лячыцца.
Такім чынам, асноўнае правіла адносін з алкаголікам складаецца ў наступным: трэба навучыцца максімальна выкарыстоўваць кожную хвіліну яго цвярозасці і ў такія моманты размаўляць з ім, як з нармальным чалавекам, прымаючы яго ў круг сям'і і ў сямейныя справы. Жонцы, напрыклад, трэба не вучыць яго жыцця, а проста размаўляць, абмяркоўваць свой дзень, распавядаць пра свае радасці і нягоды. Дзецям жа варта гуляць з ім, маляваць або разам што-небудзь рабіць, прасіць дапамагчы або праверыць хатняе заданне і г. д. Ён павінен сам убачыць, заўважыць і зразумець, што самыя лепшыя і каштоўныя моманты ў яго жыцці ўзнікаюць толькі дома і толькі тады, калі ён цвярозы. Ён павінен сам зразумець, што цвярозаму дома лепш, чым п'янаму з дружкамі- сабутэльнікамі дзесьці ў падваротні. Такім чынам, прымайце алкаголіка ў жыццё сям'і, калі ён цвярозы.
Маліцеся аб дараванні прасвятлення і ацалення вашага мужа і Гасподзь абавязкова дапаможа! Ратуй вас Бог!
С. Ганна Мізавец