22 ліпеня ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў распачаліся Дні моладзі Віцебскай дыяцэзіі. Крыху больш за 100 удзельнікаў прыехалі ў Браслаў з розных парафій Віцебшчыны, каб разам пазнаваць Бога і праводзіць з карысцю час летніх канікул.
 
Сёлета сустрэча праходзіць пад дэвізам «Christus vivit!» («Хрыстус жыве!»). Менавіта такую назву мае адгартацыя папы Францішка, якая была абнародавана ў красавіку гэтага года і напісана ў форме звароту да моладзі. Арганізатары сустрэчы (а гэта Душпастырства моладзі Віцебскай дыяцэзіі) вырашылі наблізіць гэтае пасланне беларускай моладзі, таму канферэнцыі, круглыя сталы і біблейныя сустрэчы будуць раскрываць змест адгартацыі і нагадваць вучэнне Хрыста і Касцёла ў дачыненні шматлікіх праблем, якія перажываюць сучасныя маладыя людзі. 
 
Як адзначыў душпастыр моладзі Вецебскай дыяцэзіі і адказны за правядзенне сустрэчы кс. Алег Хмылко, моладзь чакаюць сустрэчы з пралайферамі і вядомымі блогерамі, а таму сумаваць не давядзецца. Запланаваны таксама канцэрт хрысціянскага гурта «Talitha Kum» на сцэне кафэ «Пляж», завітаць на які могуць і ўсе жадаючыя браслаўчане. 
 
«Мэта правядзення такіх дзён моладзі ‒ евангелізацыйна-інтэграцыйная: каб мы разам маглі будаваць моладзевую супольнасць, каб маладыя людзі маглі пазнаць новае пра Бога і сябе, каб яны маглі ўзрастаць у веры і быць сведкамі Хрыста», ‒ распавёў ксёндз Алег Хмылко. 
 
Дыяцэзіяльныя дні моладзі працягнуцца да 25 ліпеня.
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч