1 жніўня ў браслаўскім касцёле адбылося ўрачыстае адкрыццё археалагічных раскопак на востраве Манастыр, што на возеры Неспіш. Як вядома, менавіта з манастыром на гэтым востраве звязана гісторыя цудадзейнага абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў.
 
Абраз Маці Божай Браслаўскай называюць таксама Маці Божай Манастырскай. Апошняя назва звязана з паданнем пра паходжанне абраза. На тэрыторыі браслаўскай парафіі знаходзіўся праваслаўны манастыр, які ўзнік у XV ст. на востраве возера Неспіш. У першай палове XVII ст. кляштар стаў уніяцкім і ў ім пасяліліся базыліяне. Тут знаходзіўся асабліва шанаваны вернікамі цудадзейны абраз Маці Божай. З актаў віленскага архіва вядомы трагічны лёс кляштара базыльянаў: у 1832 годзе пажар знішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Паданне кажа, што людзі, знайшоўшы абраз на папялішчы, змясцілі яго ў касцёле ў Браславе. Аднак, дадзены факт не пацвярджаецца гісторыкамі: дагэтуль застаецца невядомым лёс абраза у перыяд з часу пажару ў манастыры і да з’яўлення яго ў сценах браслаўскага касцёла.
 
Археалагічныя раскопкі арганізуе некамерцыйная арганізацыя «Цэнтр рэгіянальнага развіцця “Браслаў”». Энтузіясты і надалей збіраюць сродкі для раскопак, мэта якіх ‒ аднаўленне манастыра з усімі пабудовамі і мастом паміж востравам і берагам. Кіраўніком прац згадзіўся быць гісторык і археолаг Мікалай Плавінскі.
Археалагічныя раскопкі працягнуцца з 1 па 15 жніўня. Падтрымаць праект матэрыяльна можна на сайце www.molamola.by 
 
У дзень адкрыцця археалагічных раскопак адбылася сустрэча і лекцыя для валанцёраў і зацікаўленых браслаўчан па гісторыі базыліянскага манастыра, які стаяў на востраве. Матэрыял падрыхтаваў намеснік дырэктара Нацыянальнага архіву Дзяніс Лісейчыкаў. Між іншым спадар Дзяніс адзначыў, што гравюра з выявай абраза Маці Божай Манастырскай датуецца 30-40-мі гадамі 18 ст. А пашырэнню культу дадзенага абраза спрыяў Браслаўскі архімандрыт Геранім Нерэзій, які ў 1774 г. у друкарні віленскіх базыльянаў выдаў кнігу гамілій пра Божую Маці, прамоўленых у сценах манастыра. 
 
Прысутныя біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей Гаек пажадалі валанцёрам і навукоўцам плённай працы на карысць Браслаўшчыны і ўсёй Беларусі. 
 
«Сёння распачынаеце сваю працу тут, у святым абраным Богам месцы. Ваша праца напэўна будзе карыснай і каштоўнай, а той высілак, які будзе пакладзены, не будзе дарэмным. Таму сёння папросім Бога аб натхненні ў вашай працы, каб усё адбывалася на духоўную карысць нашага грамадства», ‒ адзначыў біскуп Алег, а пасля малітвы да Багародзіцы ўдзяліў усім прысутным сваё дабраслаўленне. 
 
Тэкст і фота Святланы Жылевіч