Бліжэй да вечара пятніцы 16 жніўня Браслаў напоўніўся галасамі і спевам пілігрымаў. Такая малітва праслаўлення нагадвала прахожым пра надыход свята ў гонар Маці Божай.
 
Сёлета ў санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў прыбылі некалькі пешых пілігрымак (115 асобаў з Глыбокага і 24 вернікі з Пагошчы), а таксама роварныя пілігрымкі з Мёраў (12 чалавек), Паставаў (15 чалавек) і Глыбока (4 асобы). Былі і некалькі асоб, якія на ровары або пешшу (Генадзь Бервячонак з Глыбокага) самастойна, у адзіноце здзейснілі сваё падарожжа да Маці Божай Браслаўскай. Таксама за некалькі дзён да ўрачыстасці з Польшчы прыбыла група матацыклістаў Мотатаварыства дапамогі палякам на ўсходзе. 
 
«У пілігрымку звычайна ідуць з нейкай інтэнцыяй або каб прасвяціцца ў духоўным плане, ‒ падзялілася з намі думкамі пілігрым Кушнярэвіч Кацярына з Глыбокага. ‒ Я вырашыла скарыстацца гэтымі магчымасцямі і пайшла з уласнай інтэнцыяй (каб была гармонія ў маёй сям’і), малілася за сваіх бацькоў, за сваю сястру, за сваю ўжо памерлую бабулю. Бабуля марыла, каб я хадзіла ў гэтую пілігрымку ў Браслаў, таму што калі я была яшчэ зусім маленькая, яна прывозіла мяне на гэты фэст. Пілігрымка ‒ гэта таксама магчымасць узросту ў духоўным плане. Ёсць цікавыя канферэнцыі, у якіх ты пазнаеш сябе і больш дасканала пазнаеш Бога, таксама гэта інтэнсіўная малітва, каторая таксама спрыяе духоўнаму развіццю. Пілігрымка ‒ гэта і выпрабаванне сяброўскіх адносінаў».
 
Генадзь Бервячонак з Глыбокага прайшоў сваю пілігрымку ў адзіноце. На такі крок яго натхнілі прыклады манахаў езуітаў. Без лішніх рэчаў і ў абсалютным даверы да Бога крочыў ён чатыры дні. 
 
«Мой давер Богу ‒ гэтае пытанне для мяне вельмі важнае, ‒ падзяліўся з намі сваёй інтэнцыяй пілігрымавання спадар Генадзь. ‒ Я ішоў і прасіў у Госпада паказаць, наколькі я яму давяраю». 
 
На парозе санктуарыя пілігрымаў сустракалі пробашч ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Яны акраплялі вадой і запрашалі зайсці ў святыню, да мэты свайго вандравання.
 
«Пілігрымка ‒ гэта моцнае сведчанне веры, ‒ адзначыў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі падчас Імшы для пілігрымаў. ‒ Пілігрымы нясуць людзям Хрыста. Не толькі пілігрымы праводзяць гэты час з Богам, але і паказваюць Яго іншым людзям. Заахвочваю ўсіх удзельнічаць у пілігрымках да розных святых месцаў. Сёння ёсць шмат магчымасцяў, ад нас патрабуецца толькі жаданне. А жаданне ‒ гэта ўжо той момант, калі мы адкрываемся на дзеянне Духа Святога».
Тэкст: Святлана Жылевіч
Фота: Ірына Гайдамовіч